Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шумлі́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць шумлівага. Шумлівасць клёнаў... Сіні, сіні лён... Сцяжынак росных трапяткая неруш... Лойка.

шумлі́вы 1, ‑ая, ‑ае.

1. Які ўтварае шум (у 1 знач.). Горы падпіраюць небасхілы, І шумлівых вадаспадаў мчыцца рой. Хведаровіч. Тоненькія, далікатныя, у модных шумлівых плашчыках — абедзвюм год па семнаццаць. Ракітны. Андрэй крыху памаўчаў, задумліва пазіраючы на шумлівую збажыну. Краўчанка.

2. Які любіць шумець, многа, гучна гаварыць, крычаць; шумны ​1 (у 2 знач.). І стол тым часам накрываюць, Гасцей шумлівых запрашаюць. Колас. Шчырыя, шумлівыя, шчасліва дзеці смехам гэткім заліліся, што пачуўся на далёкіх нівах ветлы шолах маладога лісця. Вялюгін. Ганна была дзяўчына шумлівая і сварлівая. Шамякін.

3. Які суправаджаецца шумам, ажыўленнем, мітуснёй. Шумлівая гульня. □ Зазвіняць галасістым гармонікам, прагрукочуць бубнамі ды стукам капытоў шумлівыя вясковыя вяселлі. Ваданосаў. // Напоўнены шумам, мітуснёй. Шумлівая вуліца. □ Чэрвеньскі рынак быў шумлівым, бойкім месцам. Грамовіч. [Зыбін:] — Усё-ткі падабаецца ён мне, Мінск. Жвавы, шумлівы, заклапочаны. Мележ.

шумлі́вы 2, ‑ая, ‑ае.

Які дае пену; пеністы. Шумлівы напітак.

шу́мна,

1. Прысл. да шумны.

2. безас. у знач. вык. Пра наяўнасць шуму, ажыўлення, мітусні дзе‑н. Было шумна і людна каля будынка рабфака ў дзень экзаменаў. Колас. За сталом было шумна: госці ажыўлена перагаворваліся, жартавалі, смяяліся. Каршукоў.

шумналі́сты, ‑ая, ‑ае.

Які мае лісце, што ўтварае шум (у 1 знач.). А дуб на гары шумналісты Трымаецца смела адзін. Маркевіч.

шумнаце́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які з шумам цячэ (звычайна пра раку, ручай і пад.). Паміж пустак, балот Беларускай зямлі, На ўзбярэжжы ракі шумнацечнай, Дрэмле памятка дзён, што ў нябыт уцяклі, — Удзірванелы курган векавечны. Купала.

2. Рух якога суправаджаецца шумам, крыкамі, ажыўленай мітуснёй. Поезд выкінуў са сваіх аканістых каровак шумнацечную грамаду людзей, і хутка перон апусцеў. Кірэенка.

шумну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Разм. Аднакр. да шумець ​1 (у 1, 3 знач.).

шу́мны 1, ‑ая, ‑ае.

1. Які стварае, робіць шум ​1 (у 1 знач.). Вада ў калонцы была сцюдзёная, і Піхамір з ахвотаю стаў пад шумны струмень. Чыгрынаў. Патрэскваюць галіны бярозы ў шумным ветры. Пестрак.

2. Які робіць шмат шуму, гучна гаворыць; крыклівы і пад. (пра чалавека). Штодзень збіраліся на полі Мы, хлапчукі, у шумны гурт. Смагаровіч. Гэткай жа шумнай кампаніяй адправіліся на вакзал. Шыцік. Паводзіны.. [Соні] нічым не адрозніваліся ад ранейшых, яна была ўсё такой жа, вясёлай і шумнай, поўная бесклапотнага смеху. Ракітны.

3. Які суправаджаецца шумам, адбываецца з шумам (у 1, 2 знач.). Шумныя спрэчкі. □ З прычыны добрай пагоды і святочнага дня сход асабліва мнагалюдны і шумны. Крапіва. Шашы ўспаміналіся падзеі вясельнага дня: вяселле было багатае і шумнае. Шамякін. [Зіну] цягнула на шумныя вечары, танцы, дзе было ёй цікава і дзе не трэба было непакоіцца, як падумаюць аб табе іншыя. Шыцік. // Які праяўляецца, выражаецца бурна, з шумам. «Віват! Жаданы госць!» — і ў захапленні шумным Гасціннасць расчыніла дзверы насцеж. Панчанка. // Гучны. Шумная гамонка.. адарвала Святлану ад роздуму. Шахавец.

4. Поўны кіпучай дзейнасці, напоўнены шумам, ажыўлены. Шумная вуліца. Шумны двор. □ Прывезлі ёлку прадаваць На гарадскі на шумны рынак. Танк. Белы дом стаіць пры шумным скверы Паміж ліп і клёнаў маладых. Непачаловіч. // перан. Поўны здарэнняў, трывог; неспакойны. Па следу шумнага, напружанага дня, Нарэшце, завітала цішыня. Корбан.

5. перан. Які выклікае шум (у 4 знач.), прыцягвае да сябе ўвагу, цікавасць. Музычны фільм «Карнавальная ноч» меў шумны поспех. «Маладосць».

шу́мны 2, ‑ая, ‑ае.

Які ўтварае на сваёй паверхні пену (пра напітак); пеністы. Шумнае віно. Шумнае піва.

шумо́к 1, ‑мку, м.

Разм. Невялікі, слабы, лёгкі шум (у 1 знач.). У зале стаяў стрыманы шумок. Колас.

•••

Пад шумок — непрыкметна, незаўважна; маскіруючыся, прыкрываючыся чым‑н.

шумо́к 2, ‑мку, м.

Разм. Тое, што і шум ​2. [Кучучыха:] — Вазьмі, дзеўка, лыжку ды шумок трошкі пазбірвай, а я тым часам чаго пагляджу. Лобан.

шумо́ўка, ‑і, ДМ ‑моўцы; Р мн. ‑мовак; ж.

Вялікая лыжка з частымі дзіркамі, якая служыць для здымання шуму, накіпу з паверхні булёну, даставання мяса з супу і пад.

[Ад ням. Schaum — пена.]