шумны 1, ‑ая, ‑ае.

1. Які стварае, робіць шум 1 (у 1 знач.). Вада ў калонцы была сцюдзёная, і Піхамір з ахвотаю стаў пад шумны струмень. Чыгрынаў. Патрэскваюць галіны бярозы ў шумным ветры. Пестрак.

2. Які робіць шмат шуму, гучна гаворыць; крыклівы і пад. (пра чалавека). Штодзень збіраліся на полі Мы, хлапчукі, у шумны гурт. Смагаровіч. Гэткай жа шумнай кампаніяй адправіліся на вакзал. Шыцік. Паводзіны.. [Соні] нічым не адрозніваліся ад ранейшых, яна была ўсё такой жа, вясёлай і шумнай, поўная бесклапотнага смеху. Ракітны.

3. Які суправаджаецца шумам, адбываецца з шумам (у 1, 2 знач.). Шумныя спрэчкі. ▪ З прычыны добрай пагоды і святочнага дня сход асабліва мнагалюдны і шумны. Крапіва. Шашы ўспаміналіся падзеі вясельнага дня: вяселле было багатае і шумнае. Шамякін. [Зіну] цягнула на шумныя вечары, танцы, дзе было ёй цікава і дзе не трэба было непакоіцца, як падумаюць аб табе іншыя. Шыцік. // Які праяўляецца, выражаецца бурна, з шумам. «Віват! Жаданы госць!» — і ў захапленні шумным Гасціннасць расчыніла дзверы насцеж. Панчанка. // Гучны. Шумная гамонка.. адарвала Святлану ад роздуму. Шахавец.

4. Поўны кіпучай дзейнасці, напоўнены шумам, ажыўлены. Шумная вуліца. Шумны двор. ▪ Прывезлі ёлку прадаваць На гарадскі на шумны рынак. Танк. Белы дом стаіць пры шумным скверы Паміж ліп і клёнаў маладых. Непачаловіч. // перан. Поўны здарэнняў, трывог; неспакойны. Па следу шумнага, напружанага дня, Нарэшце, завітала цішыня. Корбан.

5. перан. Які выклікае шум (у 4 знач.), прыцягвае да сябе ўвагу, цікавасць. Музычны фільм «Карнавальная ноч» меў шумны поспех. «Маладосць».

шумны 2, ‑ая, ‑ае.

Які ўтварае на сваёй паверхні пену (пра напітак); пеністы. Шумнае віно. Шумнае піва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)