Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шум 1, ‑у, м.

1. Разнастайныя гукі ад якога‑н. дзеяння, руху, галасоў і пад., якія зліваюцца ў аднастайнае гучанне. Шум прыбою. Шум матораў. Шум дажджу. Шум галасоў. □ [Надзя] любіла цішыню і шыр палявых прастораў, густы шум лесу і павольную плынь вясковага жыцця. Машара. Аўтобус. Шум. Вясёлы гоман. Матор напружана раве. Дайнека. У зале стаяў роўны шум, чуліся вясёлыя галасы і смех. Сіняўскі.

2. перан. Рух, мітусня, ажыўленне. Далей ад шуму гарадскога, Ад рэдакцыйнай мітусні! Барадулін. [Сцёпку] цягнуў вір сельскага шуму. Колас.

3. Сварка, крыкі, лаянка; гучнае вырашэнне незадавальнення. Падняўся такі шум, такі гармідар, ажно з ваколічных блізкіх вёсак прыбягалі сюды, як на пажар. Бядуля. Па натоўпу прайшоўся шум. Мележ.

4. перан. Разм. Размовы, жывое абмяркоўванне і пад., выкліканыя вялікай зацікаўленасцю каго‑, чаго‑н. [Славіку] ўсё-такі шкада пакідаць завод. Гэта яго стрымлівала ад нечага такога, што магло сапраўды нарабіць вялікага шуму. Шамякін. // Шырокае апавяшчэнне чаго‑н. тайнага, вядомага нямногім. Пагаварыць з кім‑н. адзін на адзін, без шуму.

5. Спец. Гук з няяснай танальнасцю, які ўзнікае пры рабоце няспраўнага агрэгата, апарата, прыбора і пад. Шум у радыёпрыёмніку. // У медыцыне — характэрны гук, які праслухваецца ў некаторых унутраных органах пры іх паталогіі. Шумы клапанаў сэрца. Лёгачныя шумы.

6. У мовазнаўстве — гук мовы, які ўтвараецца ў поласці рота без удзелу голасу, пры праходжанні струменя паветра праз перашкоды ў моўным апараце.

•••

І не шум баравы — хоць бы што, і ўвагі не звяртаць.

шум 2, ‑у, м.

Разм. Брудны, пеністы налёт на паверхні супу і пад. пры кіпенні. // Пена (на сырадоі). Пакуль сырадой дзюрчыць у даёнку і ўздымаецца белым, салодкім шумам, .. пан стаіць за парогам. Брыль.

шумава́ць, ‑муе; незак.

Абл. Пеніцца. Паток .. выбіваецца напаверх .. [між] скальнага грунту, кіпіць і шумуе. Лужанін.

шумаві́к, ‑а, м.

Асоба, якая ў тэатры, на радыё, тэлебачанні і пад. стварае шумавыя эфекты. // Музыкант, які іграе ў аркестры на шумавых інструментах.

шумаві́нне, ‑я, н.

1. Пена, накіп, шум на супе і пад. пры кіпенні. Пачала закіпаць на трынозе бульба, гонячы шумавінне цераз край і заліваючы агонь. М. Стральцоў. // Пена, якая ўтвараецца пры хваляванні вады на моры, возеры і пад. І зноў чакала [Ірма], пакуль белае шумавінне не выкінула Яругіна зноў на бераг. Карамазаў. // Рознае смецце. Трэба было ўсюды пападграбаць шумавінне, пазвозіць яго на ферму, утаптаць у гной. Сачанка.

2. перан. Разм. Падонкі грамадства.

шумавы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да шуму (у 1 знач.); звязаны з стварэннем шуму. Шумавыя эфекты. Шумавое афармленне радыёперадачы.

2. У паляўнічых — пра звера, паднятага з лежні, спуджанага паляўнічымі сабакамі, шумам. Шумавы заяц.

шумаме́р, ‑а, м.

Прыбор для вымярэння громкасці гуку (шуму).

шуме́ры, ‑аў.

Старажытны народ, які жыў паміж Тыграм і Еўфратам 5 тыс. год да н. э.

шуме́ць 1, ‑млю, ‑міш, ‑міць; незак.

1. Утвараць, рабіць шум ​1 (у 1 знач.). Мяккім маёвым лісцем шумяць бярозы. Мурашка. І шумяць над берагам Сосен гушчары, А ім адгукаюцца Нёмана бары. Русак. Дажджы растуць, шумяць над полем, Дзе я на ростанях стаю. Вярба. Варкасы зніклі. Неба пасвятлела. А мора ўсё спявала, усё шумела. А. Вольскі. На паперу становяцца самі Словы шчырыя песні тае, Што расла з маладымі садамі, Што шуміць у палях каласамі, — І таму маё сэрца пяе. Непачаловіч. // Пра пачуццё цяжкасці, болю, кружэння ў галаве, якое ўзнікае ў выніку стомленасць хваробы, ап’янення і пад. Шуміць спавітая бінтамі галава... Брыль. / у безас. ужыв. Калі [Феня] выйшла з бальніцы, не адразу зразумела, у які бок трэба ісці дадому, шумела ў галаве. Арабей. Ліда задумалася. Шумела ў галаве. Федасеенка. Андрэйку душыць гарачыня, млеюць ногі ад стомы, пачынае шумець у галаве. Кавалёў.

2. перан. Весці жывую, актыўную дзейнасць, завіхацца; выказвацца з выпадку чаго‑н. [Настаўнік:] «І не адзін такі я: шумім, круцімся, а толку няма». Колас. — Нешта ціха ў вас сёння? — А чаго асабліва шумець? Справы свае зрабілі, пара на спачын. Лынькоў. // Працякаць, ісці, адбывацца вельмі ажыўлена, бурна. Пад блакітным агнём небасхіла Пустыром увесь край выглядае... Дзе шумела жыццё — там магіла, Толькі енкі... і плач не змаўкае... Чарот. Шумяць гарачыя дэбаты. Таўбін.

3. Лаяцца, сварыцца, крычаць; гучна, адкрыта выражаць сваю незадаволенасць. — Спакайней, спакайней. Разбяромся раніцай.. Чаго шумець? Лобан. — Едзь зараз жа, — п’яны ёлуп! — шумелі на .. [Яўгена] сваякі. Новікаў.

4. перан. Разм. Шмат гаварыць, абмяркоўваць што‑н. з мэтай прыцягнення ўвагі да чаго‑н. — Аб ім [Сакольным] смела можна гаварыць і нават шумець. Кулакоўскі. Шумелі хлопцы: «Эх... шкада жанчыны!» І кожны Насту ратаваць быў рад. З. Астапенка. // Мець шырокую вядомасць, выклікаць шырокі інтарэс, прыцягваць агульную ўвагу да сябе. Справа шумела на ўвесь гарадок. Чорны. Смірніцкі расказваў неахвотна. — Увогуле, — заключыў ён, — «Медыцынскі работнік» шуміць. Шахавец.

шуме́ць 2, ‑міць; незак.

Узнімацца пенай; пеніцца. Піва шуміць.

шумі́ха, ‑і, ДМ ‑місе, ж.

Разм.

1. Размовы, залішне ажыўленае абмеркаванне чаго‑н. з мэтай прыцягнення ўвагі (звычайна пра што‑н. несур’ёзнае, што не мае вялікага значэння, не заслугоўвае ўвагі). «Добра б, каб не рабілі ніякай шуміхі», — разважаў.. [настаўнік]. Даніленка.

2. Тое, што і шум (у 1 знач.). — А калі на цябе дзейнічае так гэты грукат, гэта шуміха, заткні вушы. Машара. Увосень лісце адціскаюць ночкі Няўмольна, Без шуміхі, Без крыві. Свірка.

шумлі́ва,

1. Прысл. да шумлівы.

2. безас. у знач. вык. Пра наяўнасць шуму дзе‑н. Людна і шумліва было на вуліцах. Васілёнак.