Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шу́ла, ‑а і шуло́, ‑а, н.

1. Бервяно ці тоўсты брус з высечанымі пазамі, замацаваны ў чым‑н. вертыкальна. Шулы — аснова сцен, шулы злучаюць бярвенні. Мележ. Кожны такі доўгі, аднапавярховы дом трымаецца без вуглоў, на шулах. Брыль.

2. Слуп ці брус, на які падвешваецца створка варот. Двор быў абнесены тынам, а шаляваныя вароты віселі паміж пашарэлых дубовых шулаў. Чыгрынаў. От жа стаю я, падпёршы плечуком шула Піліпавых варот. Сабаленка.

шу́лер, ‑а, м.

Ігрок, які ў картачнай гульні выкарыстоўвае махлярскія, ашуканскія прыёмы. // перан. Наогул падманшчык, махляр, ашуканец.

[Польск. szuler.]

шу́лерскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да шулера, уласцівы шулеру. Шулерскія прыёмы. Шулерская гульня. // перан. Махлярскі, ашуканскі, несумленны.

шу́лерства, ‑а, н.

Выкарыстанне махлярства, ашуканства ў картачнай гульні. // перан. Падман, махлярства, ашуканства.

шулёнак, ‑нка, м.

Невялікая драпежная птушка сямейства сакаліных.

шуло́,

гл. шула.

шуля́к, ‑а, м.

1. Тое, што і каршун. Шуляк мільгнуў, нібы лязо нажа, — і змоўкла сойка ў кіпцюрах ягоных. Рудкоўскі.

2. Абл. Шула (у 2 знач.). Тата ў санях да варот пад’ехаў. Завязаў лейцы за дубовы шуляк, кінуў каню пад ногі жменю сена, у хату ідзе. Мыслівец.