Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шпаклёўка, ‑і, ДМ ‑ўцы, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. шпакляваць.

2. Замазка, якой пакрываюць паверхню; слой гэтай замазкі, нанесены на якую‑н. паверхню. Расказаў [Сіманенка] пра шпаклёўку і пемзу, пра іх прызначэнне ў малярнай справе, некалькі разоў знарок паўтарыў, што фарба наносіцца на паверхню сцен паралельна столі. Мыслівец.

шпаклёўшчык, ‑а, м.

Рабочы, які займаецца шпаклёўкай (у 1 знач.).

шпаклёўшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да шпаклёўшчык.

шпаклява́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. шпакляваць.

шпаклява́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад шпакляваць.

шпаклява́цца, ‑люецца; незак.

Зал. да шпакляваць.

шпаклява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; незак., што.

Замазваць спецыяльным саставам шчыліны і няроўнасці на якой‑н. паверхні, падрыхтоўваючы яе для наступнай апрацоўкі (паліроўкі, фарбавання і пад.). У сярэдзіне школы яшчэ стукалі сантэхмантажнікі, маляры шпаклявалі дзверы. Грахоўскі. Пакуль дзед шпаклюе дно лодкі, я пераціраю трайнікі і гляджу на возера, залітае водбліскам вячэрняй зары. Шашкоў.

[Ад ням. spachteln.]

шпако́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да шпака, належыць яму. І ад гэтай развітальнай шпаковай песні, ад гэтага добрага восеньскага дня на Барашкіна новай хваляй абрынула гаркота. Савіцкі.

шпако́ўніца, ‑ы, ж.

Разм. Тое, што і шпакоўня. Ля шпакоўніцы на арабіне, звонка славячы родны дом, шпак, сярэбраны ад павуціння, як вясной, трапеча крылом. Вялюгін.

шпако́ўня, ‑і, ж.

Жыллё для шпакоў у выглядзе невялікай будачкі, якая прымацоўваецца на доўгай жэрдцы або дрэве каля жылля. Новенькая беленькая шпакоўня ўзнеслася над яшчэ голымі кронамі невялічкага маладога садка. Дуброўскі. Кончыліся птушыныя спевы, а ў шпакоўнях і гнёздах аперыліся птушаняты. Чарнышэвіч.