шнурава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.
1. што. Сцягваць, злучаючы, змацоўваючы што‑н. шнурам, шнурком. У мяне быў спецыяльны бандаж, які цяпер, ідучы на работу, я шнуравала моцна, да змогі. Савіцкі.
2. што. Працягваючы шнур, счэпліваць, злучаць што‑н.; нанізваць на шнур. Шнураваць кнігу.
3. Разм. Часта хадзіць, ездзіць і пад. узад і ўперад. Зранку да самага вечара шнураваў Ёсель па мястэчку, непрыкметна заходзіў то да аднаго, то да другога, так што і заўважыць яго было трудна. Колас. Кандрат Сенька, які ў час гутаркі паволі шнураваў ад парога да шафы, раптам крута спыніўся каля стала. Паслядовіч.
шнуравы́, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае адносіны да шнура, зроблены з яго. Шнуравая праводка злектрычнасці. Шнуравое пакрыццё. Шнуравыя рамяні. // Прызначаны для шнура. Шнуравыя ніткі. Шнуравое валакно.
2. Змацаваны, сцягнуты шнурам; прашнураваны. Шнуравы сшытак.
•••
Шнуравая кніга гл. кніга.
шнуро́к, ‑рка, м.
Памянш.-ласк. да шнур (у 1, 4 і 5 знач.); невялікі шнур. [Люда] стаяла ад сонца, у белай вышыванай кофтачцы, зацягнутай чырвоным шнурком, трымала ў руках зялёную галінку. Брыль. На снезе ўбачыш і вузлаваты шнурок слядкоў лісы, якая мышкавала пад ёлкамі. Машара. Набітая на вузкія шнуркі, параскіданыя па розных мясцінах, і разгароджаная межамі, зямля скупа аплачвала працу. Колас.
шнуро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы, ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. шнураваць.
2. Р мн. ‑ровак. Шнур або шнурок на якім‑н. адзенні і пад., пэўным чынам размешчаны, працягнуты, а таксама прашнураванае месца. Скрозь слой бруду на блясе цьмяна віднеўся малюнак: бліскучы бот, а побач — чаравік без шнуровак. Карпюк. Шнуроўка колеру зары, Пагляд, што бляск рубінавы, І сарафан агнём гарыць, Каралі — арабініны. Ляпёшкін. // Уст. Частка жаночай сукенкі, якая сцягваецца шнурком; гарсэт. Мураўёўна нізка звесіла галоўку, Бо занадта зацягнулася ў шнуроўку. Багдановіч.
шны́парыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; незак.
Разм.
1. Корпацца, поркацца. У бакоўцы, у каморы стары Пракоп доўга шныпарыўся. Баранавых.
2. Тое, што і шныпарыць (у 2 знач.). Натоўп гудзе, варушыцца. Шныпарацца пад нагамі дзеці. Скрыган.
шны́парыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.
Разм.
1. Заходзіць, забягаць, заглядваць у розныя месцы, шукаючы, высочваючы каго‑, што‑н. Толькі там, на востраве, і адседжваліся падпольшчыкі, пакуль карнікі шныпарылі па лесе. Новікаў. Дыспетчар у цемры, дыспетчар шныпарыць па кладоўках, шукае газавай лямпы. Шынклер.
2. Хадзіць, бегаць, рухацца сюды-туды, у розных напрамках. Каця ўздыхнула і села на лаўцы перад домам, але хутка змушана была ўстаць: міма шныпарылі хлапчукі і з цікаўнасцю пазіралі на яе. Лось. [У вадзе], як прывіды, плаваюць водарасці, мільгаюць маляўкі, варушацца на дне ракавінкі, шныпараць жукі. Асіпенка.
•••
Шныпарыць вачамі — хутка пераводзіць позірк з аднаго прадмета на другі, выглядваць што‑н.
шны́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.
Разм.
1. Тое, што і шнарыць. У наступны момант.. [немец] пачаў шнырыць па патайных кішэнях і пад падшэўкай свае адзежы. Чорны.
2. Тое, што і шныпарыць (у 2 знач.). Сярод дарослых усюды шнырылі малыя. Мележ.
шнэк, ‑а, м.
Спец. Транспарцёр, прызначаны для перамяшчэння сыпкіх, цестападобных і інш. матэрыялаў, рабочым органам якога з’яўляецца вінт.
[Ад ням. Schnecke — смоўж.]