шляхе́цтва, ‑а, н.
1. Тое, што і шляхта. Не толькі ў Віркуцці, але і шмат па якіх маёнтках акупаванага Палесся ладзілі паны пышныя банкеты польскаму афіцэрству. Польскае шляхецтва перажывала мядовы месяц адраджэння свае дзяржаўнасці, зварот да жыцця, здзяйсненне гадаваных вякамі надзей. Колас. // Прыналежнасць да шляхты. [Сяргей:] — Эх, Васіль! Шляхецтва гэтае і бацькоў нашых атруціла і ў нас атруты ўліло... Чарнышэвіч.
2. Назва дваранства, пашыраная ў Расіі першай паловы 18 ст.
[Польск. szlachectwo.]
шляхе́чы, ‑ая, ‑ае.
Які належыць шляхце; у якім жыве шляхта. [Вінцэнты] першы павёў вёску на панскую зямлю і шляхечыя хутары. Чорны. [Чалавек:] — Няхлюда, табе толькі анучы на шляхечых засценках збіраць! — і вырваў з рук у Цітка лейцы. Лобан.
шля́хта, ‑ы, ДМ ‑хце, ж.
Гіст. Прывілеяванае саслоўе — дробнапамеснае дваранства — у Польшчы, Літве, на Беларусі ў 13 — пачатку 20 стст. Паходзілі.. чыноўнікі з асяроддзя заняпалай шляхты. Машара. У Польшчы шляхта мела больш правоў над сялянствам, і прыгоннае права ў ёй адчувалася мацней і праводзілася ў больш жорсткіх формах, чымся ў Вялікім Княстве Літоўскім. «Беларусь». // зб. Шляхцічы. Хадзіў.. [Лапінка да баптыстаў] часта, бо непрыхільна было сярод ганарыстай балоцкай шляхты. Брыль. Успомнілася і тое, як заляцаўся я да Стэфы, Лідзінай маткі, як прагнала мяне, мужыка, ганарлівая шляхта. Ваданосаў. Сябры баявыя разгрукалі шляхту Пад Аўгустовам і Гроднам. Панчанка.
[Польск. szlachta з стараж.-верхненям. slahta — род, парода.]
шляхту́н, ‑а, м.
Разм. пагард. Шляхціц. Не паспеў Абрам распачаць гутарку з Сцяпанам, як у майстэрню з разбегу ўляцеў нейкі шляхтун, год за трыццаць. Пестрак.
шля́хціц, ‑а, м.
Гіст. Польскі дробнапамесны дваранін. Глынскі быў шляхціц і хоць чым-небудзь імкнуўся адрознівацца ад простага мужыка. Колас. Зямля на Павеках была прададзена багатаму шляхціцу, які шмат гадоў арандаваў княжацкі маёнтак. Чарот.
[Польск. szlachcic.]
шляхцю́к, ‑а, м.
Разм. Тое, што і шляхціц. Зіна раптам адчула, што вось зараз яна яшчэ больш нагаворыць гэтаму шляхцюку, калі толькі ён пачне даказваць сваё. Кулакоўскі. — Цікавы гэты чалавек, Асмалоўскі, — гаварыў тым часам Ярмоленка. — Гэта, браце, Сяргей, з былых шляхцюкоў. Сіўцоў.
шляхця́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Гіст. Жан. да шляхціц.
шля́цца, шляюся, шляешся, шляецца; незак.
Разм. неадабр. Швэндацца, валачыцца. Ваўкі па сцежках шляюцца І ночкаю, і днём. Купала. — Не будзе нам веры ў тое, што зямля наша, гэта наша зямля, пакуль будуць шляцца па зямлі буржуі ды генералы розныя. Галавач. [Дзядзька Яўмен:] — Аўхім толькі адзін і астаўся... Вось ён і шляўся, валачыўся тут... Сачанка.
шлячо́к, ‑чка, м.
Памянш. да шляк. Ручнік з зялёным шлячком.
шляя́, ‑і; мн. шлеі, шлей; ж.
1. Частка збруі ў выглядзе рэменя, які ідзе ад хамута і агібае ўсё тулава каня і падтрымліваецца папярочнымі рамянямі. Андрэй сцебануў яго шляёй. Конь, напяўшыся, ірвануў з усіх чатырох. Пташнікаў.
2. Шырокі рэмень, які выкарыстоўваюць пры запрэжцы замест хамута.