Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

хлапчо́, ‑чаці, н.

Разм. Хлапец, хлопчык. «Які ж ты мужчына, — з горкай тугою падумала Ксеня. — Ты зусім яшчэ хлапчо». Васілёнак.

хлапчу́к, ‑а, м.

Невялікі хлапец, падлетак. Хлапчукі бягуць гурбой Ды крычаць наперабой: — Дожджык, дожджык, секані, Я паг еду на кані!.. Арочка. [Кастусь:] — Семінарыя сёе-тое дала.. Прыйшоў сюды кожны з нас хлапчуком, а пакідае дарослым чалавекам, — гэта многае значыць! С. Александровіч. Хлапчук хоць яшчэ і падлетак, але ўжо большы за матку, бо яна — жанчына маларослая і шчуплая. Кулакоўскі.

хлапчуко́вы, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для хлопчыкаў (звычайна пра адзенне). Хлапчуковыя чаравікі.

хлапчы́на, ‑ы, м.

Разм. Малады чалавек, дзяцюк. І вось у гэты час да нас падышоў высокага росту, добра адзеты хлапчына гадоў дваццаці. Пальчэўскі. — Памесцімся, — супакоіў нас шафёр, вясёлы гаваркі хлапчына, відно, вялікі ахвотнік да сваіх дарожных стрэч і знаёмстваў з самым розным людам. Васілевіч. // Рослы, плячысты малады чалавек. [Бацька:] — Мужчына ж, канешне! Эх, а хлапчына які вялікі вырас за гэтыя чатыры гады. Мележ. Прыйшоў Мікіта — дужы хлапчына з масянжовым тварам, троху сутулаваты, унурысты і маўклівы. Зарэцкі.

хларава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. хлараваць.

хларава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад хлараваць.

2. у знач. прым. Апрацаваны хлорам, насычаны хлорам. Хлараваная вада.

хларава́цца, ‑руецца; зак. і незак.

1. Стаць (станавіцца) хлараваным.

2. толькі незак. Зал. да хлараваць.

хларава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., што.

1. Ачысціць (ачышчаць) пры дапамозе хлору. Хлараваць ваду.

2. Спец. Увесці (уводзіць) хлор у малекулы арганічнага і неарганічнага рэчыва. Хлараваць этап.

хлара́л, ‑у, м.

Бясколерная масляністая вадкасць з рэзкім пахам, якая атрымліваецца ў выніку хларавання спірту.

хларалгідра́т, ‑у, М ‑раце, м.

Бясколернае празрыстае крышталічнае рэчыва гаркаватага смаку, выкарыстоўваецца як снатворны і процісутаргавы сродак.