фурго́н, ‑а, м.
1. Крытая конная павозка. А побач з Насцяй цягнуць коні Фургон закрыты, а ў фургоне Герой мой, прапаршчык Дзяжа. Колас. Як расказваюць старажылы, конка добра бегла пад гару, а на пад’ёмах нават чатыры кані не маглі цягнуць цяжкі фургон. Жычка. Насустрач ім выехаў нейкі старамодны фургон, запрэжаны тройкай добрых коней. Шамякін.
2. Закрыты кузаў на аўтамашынах, прычэпах, калёсах для перавозкі грузаў. З хлебнага фургона, рэзка затармазіўшы машыну, выскачыў шафёр і кінуўся цераз вуліцу наперарэз гасцям з Афрыкі, хочучы сказаць ім нешта важнае... Навуменка. Па калдобістай дарозе імчацца магутныя грузавікі, фургоны рамонтных майстэрань, аўтакрамы... Хведаровіч.
[Фр. fourgon.]
фурго́нны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да фургона. Фургонныя колы.
фурго́ншчык, ‑а, м.
Вазак фургона (у 1 знач.).
фур’еры́зм, ‑у. м.
Адно з вучэнняў утапічнага сацыялізма.
[Ад уласн. імя.]
фур’еры́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Прыхільнік, паслядоўнік фур’ерызму.
фу́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Спец. Перасовачная пляцоўка ў тэатры з загадзя зманціраванымі на ёй дэкарацыямі.
фурка́цыя, ‑і, ж.
У шэрагу замежных краін — спецыяльны вучэбны план для старшых класаў сярэдняй агульнаадукацыйнай школы з ухілам да пэўных навучальных дысцыплін. // Група навучэнцаў, якая працуе па такому плану.
[Ад лац. furcatus — раздзелены.]
фу́рма, ‑ы, ж.
Спец. Устройства для падачы сціснутага паветра ў металургічныя печы і агрэгаты.
[Ад ням. Form — форма.]
фурма́н, ‑а́, м.
Чалавек, які кіруе конямі ў запрэжанай фурманцы; вазак. Дзядзька Макар, вядомы партызанскі фурман, ведаў, што нельга вельмі падганяць каня. Сабаленка. На добрым кані нас падвозіў штатны фурман калгаса дзядзька Мірон, па прозвішчу Шэўчык. Кавалёў.
[Ням. Fuhrmann.]
фурма́начны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да фурманкі.