Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

уха́пісты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Прыдатны для хапання. Лапкі ў крыжадзюбаў учэпістыя, дзюба ўхапістая. «Звязда».

ухапі́ўшы,

Дзеепрысл. зак. ад ухапіць.

•••

Як жару (агню) ухапіўшы — вельмі хутка (бегчы, імчацца і пад.).

ухапі́цца, ухаплюся, ухопішся, ухопіцца; зак.

1. Паспешна схапіцца, моцна ўзяцца за каго‑, што‑н.; учапіцца. Янка ўхапіўся за нос лодкі і падцягнуў яе так, каб можна было зручна апынуцца ў ёй. Колас. Нешта незразумелае рабілася з Краўчанкам. Ён да болю моцна ўхапіўся пальцамі за ручку крэсла. Мікуліч. // Заняцца якой‑н. справай. [Арына Антонаўна:] — І як табе не сорам, стары? Тут госці, а ты за газету ўхапіўся. Нясі настойку. М. Ткачоў.

2. перан. Пачаць хутка, адразу рабіць што‑н.; прыняцца за што‑н. Пакуль мы прыехалі, пушча ўжо гаманіла звонам піл і стукам сякер. Мы прывязалі Арла на ўзлеску, падкінулі яму сена і таксама ўхапіліся за работу. Якімовіч. Ад ветру, ці ад пытання камандзіра палка.. [Кацярына Васільеўна] адразу пачырванела. Ухапілася папраўляць валасы, што выехалі з-пад вушанкі. Алешка.

3. перан. Праявіць асобую цікавасць да каго‑, чаго‑н., гатоўнасць выкарыстаць каго‑, што‑н. у сваіх інтарэсах. «А чаму б табе не заехаць на дзень-два да мяне?» — нарадзілася ў.. [Паходні] думка, і ён ухапіўся за яе, як за шчаслівую знаходку, нават настрой пасвятлеў. Хадкевіч. Цімох Будзік.. запыніў на сабе Саўкавы думкі. За Цімоха Будзіка ўхапіўся ён цяпер, як хапаецца за купіну сярод дрыгвы чалавек, страціўшы пад нагамі грунт. Колас.

•••

Абедзвюма рукамі ўхапіцца за каго-што — з вялікай ахвотай згадзіцца з якой‑н. прапановай, з радасцю выкарыстаць каго‑, што‑н.

Ухапіцца за розум — адумацца, абразуміцца.

ухапі́ць, ухаплю, ухопіш, ухопіць; зак. каго-што.

1. Схапіць, рэзкім рухам узяць каго‑, што‑н. Як з-пад зямлі вырас побач жандар. Ён ухапіў мяне за каўнер і павёў на вакзал у нейкую каморку. Сяргейчык. Чалавек ўхапіў кантэйнер за перавясла, гукнуў: «Віра», і горка цэглы паслухмяна лягла ля яго ног. Асіпенка.

2. Разм. Злавіць каго‑, што‑н. на хаду, на ляту. Драпежнік люта ашчэрыўся, хацеў ухапіць зубамі вясло, але не паспеў. Краўчанка. — Вы з таго палка? — рынулася да.. [байца] Святлана, але Зіна ўхапіла яе за плечы і прытуліла да сябе. Кулакоўскі.

3. Разм. Здабыць што‑н.; пазычыць. [Дзед:] — Вось гэта ўдача! Вось гэта юшка, зялёнкі вы такія-гэтакія. Кіло, мусіць, тры [рыбы] ўхапілі. Нездарма, значыць, гарох парыў... Ваданосаў. Юзік ведае, што на пай грошы ў бацькі цяжка будзе выдраць. У пазыкі ісці прыйдзецца, ды не вельмі ў каго ўхопіш. Крапіва. // Захапіць у сваё карыстанне, забраць што‑н. чужое; украсці. Якавіха высыпала на стол чыгун.. бульбы ў мундзірах.. Тут не было таго, каб хто каго падганяў або чакаў. Усё, што ўхопіш, тваё, а не патрапіш ухапіць — галодны будзеш. Лобан. Мы папілі соку, выйшлі з магазіна, але пакунка на месцы не аказалася. Міхаська смяецца: — Нехта ухапіў. Думае, у пакунку добрыя рэчы. Прокша.

4. перан. Сумець успрыняць, зразумець што‑н., разабрацца ў чым‑н. [Паўлюконіс:] — Бачыце, усіх слоў не запомніў, .. але галоўнае, квінтэсенцыю, так сказаць, ухапіў. Арабей. Людзі прыслухоўваліся і, відаць, што-нішто ўхапілі з нашай размовы. Асіпенка.

5. і чаго. Разм. З’есці, папіць крыху чаго‑н. Нахадзіліся ўжо цяляткі, нагуляліся... Пойдуць вады ўхопяць, кошанку з’ядуць, паляжаць. Місько.

6. Разм. Паспець зрабіць што‑н., управіцца з чым‑н. [Лукаш:] — Я асабіста лічу, што з жывёлагадоўчай фермай трэба пачакаць... Усё адразу не ўхопіш... Гурскі. — Як толькі сонца прыгрэе, адразу б усіх, нават старых і малых, можна было б выправіць на сенажаць і [сена] ўхапіць: згрэбці, скідаць у стагі і няхай стаіць. Сабаленка.

•••

Куды яго чэрці ўхапілі гл. чорт.

ухва́ла, ‑ы, ж.

Адабрэнне; станоўчая ацэнка. Арцёмаў часта зацягваўся цыгаркай самасаду і час ад часу ківаў галавой у знак ухвалы дакладчыку. Сіўцоў.

ухвале́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. ухваляць — ухваліць.

ухва́лены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад ухваліць.

ухвалі́ць, ухвалю, ухваліш, ухваліць; зак., што.

1. Даць станоўчую ацэнку чаму‑н. Ухваліць задуму. Ухваліць ініцыятыву. □ Леанід непакоіўся, што таварышы могуць не ўхваліць яго ўчынак, і падрыхтаваўся абараняцца. Шахавец. У .. [Кастуся] ўжо даўно была свая запаветная мара — паступіць у Нясвіжскую семінарыю. .. Навука яму давалася лёгка, і страшыла толькі тое, ці ўхваліць гэты намер бацька... С. Александровіч.

2. Афіцыйна адобрыць, прыняць, зацвердзіць. Ухваліць план развіцця гаспадаркі. □ Райком партыі ўхваліў пастанову партсхода. Дуброўскі. // Разм. Прыняць афіцыйнае рашэнне, пастанавіць. На камсамольскім сходзе стаяла адно пытанне: дапамога калгасу ва ўборцы ўраджаю. Ухвалілі: кожны камсамолец працуе ў калгасе два дні. Сташэўскі.

ухва́льны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які мае адносіны да ўхвалы, заключае ўхвалу. Твар Ткачова, як і заўжды, быў строгі, нават крыху непрыветны, а словы — шчырыя, дужа добрыя, ухвальныя. Савіцкі. — Будзем памагаць і сена касіць, і жаць. А малаціць будзем.. разам! — Разам, — пайшоў услед ухвальны і, можна сказаць, дружны гоман. Мележ.

ухваля́цца, ‑яецца; незак.

Зал. да ухваляць.