Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ухва́ла, ‑ы, ж.

Адабрэнне; станоўчая ацэнка. Арцёмаў часта зацягваўся цыгаркай самасаду і час ад часу ківаў галавой у знак ухвалы дакладчыку. Сіўцоў.

ухвале́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. ухваляць — ухваліць.

ухва́лены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад ухваліць.

ухвалі́ць, ухвалю, ухваліш, ухваліць; зак., што.

1. Даць станоўчую ацэнку чаму‑н. Ухваліць задуму. Ухваліць ініцыятыву. □ Леанід непакоіўся, што таварышы могуць не ўхваліць яго ўчынак, і падрыхтаваўся абараняцца. Шахавец. У .. [Кастуся] ўжо даўно была свая запаветная мара — паступіць у Нясвіжскую семінарыю. .. Навука яму давалася лёгка, і страшыла толькі тое, ці ўхваліць гэты намер бацька... С. Александровіч.

2. Афіцыйна адобрыць, прыняць, зацвердзіць. Ухваліць план развіцця гаспадаркі. □ Райком партыі ўхваліў пастанову партсхода. Дуброўскі. // Разм. Прыняць афіцыйнае рашэнне, пастанавіць. На камсамольскім сходзе стаяла адно пытанне: дапамога калгасу ва ўборцы ўраджаю. Ухвалілі: кожны камсамолец працуе ў калгасе два дні. Сташэўскі.

ухва́льны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які мае адносіны да ўхвалы, заключае ўхвалу. Твар Ткачова, як і заўжды, быў строгі, нават крыху непрыветны, а словы — шчырыя, дужа добрыя, ухвальныя. Савіцкі. — Будзем памагаць і сена касіць, і жаць. А малаціць будзем.. разам! — Разам, — пайшоў услед ухвальны і, можна сказаць, дружны гоман. Мележ.

ухваля́цца, ‑яецца; незак.

Зал. да ухваляць.

ухваля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да ухваліць.

ухва́тка, ‑і, ДМ ‑тцы, ж.

Разм. Уменне, спрыт у чым‑н. Вясёлая баявая Насця Чычка, ёмкая, з мужчынскімі ўхваткамі, бураю налятае на мізэрнага Міхайлу Драбка. Колас. Жыла з старым бацькам дзяўчына.. Васемнаццаць год і ўхватка хлапецкая, не горш, чым у лепшага з «нёманскіх казакаў». Брыль.