Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

уха́ба, ‑ы, ж.

Выбоіна, калдобіна, няроўнасць на дарозе. Рыпяць драбіны, падскакваючы на ўхабах. П. Ткачоў. Дарога была няроўная, слізкая, з ухабамі, сані кідала з боку на бок. Шамякін.

уха́біна, ‑ы, ж.

Разм. Тое, што і ухаба. Падскаквае на ўхабінах лёгкая двухколка. «Маладосць». Па вуліцах ехаць лягчэй, толькі лыжы кідае на ўхабінах. Жычка.

уха́бістасць, ‑і, ж.

Уласцівасць ухабістага. Ухабістасць дарогі.

уха́бісты, ‑ая, ‑ае.

Пакрыты вялікай колькасцю ўхабаў, з ухабамі. Дарога ўхабістая, гразкая, і ехаць можна толькі ступою, асабліва ноччу. Галавач. Машына выехала ўжо за горад, неслася па ўхабістай дарозе, быццам уцякала ад некага. Арабей.

ухава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад ухаваць.

ухава́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Зберагчы сябе, пазбегнуць якой‑н. небяспекі, чаго‑н. шкоднага, непажаданага; уберагчыся. У мелкіх, зробленых на скорую руку акопах цяжка было ўхавацца. Лобан. // Захавацца ў цэласці; не прапасці. [Казік:] — Нічога ж [з дакументаў] не засталося, ні дзедавага пашпарта, ні яго даведак, а картка гэта ўхавалася і блукала ўслед за мной... Васілевіч.

ухава́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Хаваючы, зберагчы што‑н. — Дык і хлеб жа ваш згарыць. — Не згарыць. Мы ведаем, як яго ўхаваць, — у снег пазакопваем, і ён мёрзлы там да вясны можа праляжаць. Сабаленка. // Прыхаваць што‑н. [Глушак:] — Толькі і ўхаваў, што пяць мяшкоў на картаплянішчы за грушай. Мележ.

2. Утаіць што‑н. ад каго‑н. [Каваль:] — Мае грахі вядомы, але ён [Валодзька] свае чаго хавае? Усё адно не ўхавае. Чорны.

ухадзі́цца, ухаджуся, уходзішся, уходзіцца; зак.

Закончыць, завяршыць якую‑н. работу; управіцца. Ухадзіўся з работаю дзядзька Марцін. Яшчэ на тым тыдні скончыў сеяць грэчку. Колас.

ухаласту́ю, прысл.

Без карысных вынікаў, дарэмна. Матор працуе ўхаластую. □ Шафёр.. газануў — колы закруціліся ўхаластую, ні ўзад, ні ўперад. Гроднеў. Дзераш бачыць, што рабочыя многа працуюць ухаластую, рухаюцца ў беспарадку, і Дзераш падае ім ідэю канвеера. Арабей.

уха́пісты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Прыдатны для хапання. Лапкі ў крыжадзюбаў учэпістыя, дзюба ўхапістая. «Звязда».