ухапі́цца, ухаплюся, ухопішся, ухопіцца; зак.
1. Паспешна схапіцца, моцна ўзяцца за каго‑, што‑н.; учапіцца. Янка ўхапіўся за нос лодкі і падцягнуў яе так, каб можна было зручна апынуцца ў ёй. Колас. Нешта незразумелае рабілася з Краўчанкам. Ён да болю моцна ўхапіўся пальцамі за ручку крэсла. Мікуліч. // Заняцца якой‑н. справай. [Арына Антонаўна:] — І як табе не сорам, стары? Тут госці, а ты за газету ўхапіўся. Нясі настойку. М. Ткачоў.
2. перан. Пачаць хутка, адразу рабіць што‑н.; прыняцца за што‑н. Пакуль мы прыехалі, пушча ўжо гаманіла звонам піл і стукам сякер. Мы прывязалі Арла на ўзлеску, падкінулі яму сена і таксама ўхапіліся за работу. Якімовіч. Ад ветру, ці ад пытання камандзіра палка.. [Кацярына Васільеўна] адразу пачырванела. Ухапілася папраўляць валасы, што выехалі з-пад вушанкі. Алешка.
3. перан. Праявіць асобую цікавасць да каго‑, чаго‑н., гатоўнасць выкарыстаць каго‑, што‑н. у сваіх інтарэсах. «А чаму б табе не заехаць на дзень-два да мяне?» — нарадзілася ў.. [Паходні] думка, і ён ухапіўся за яе, як за шчаслівую знаходку, нават настрой пасвятлеў. Хадкевіч. Цімох Будзік.. запыніў на сабе Саўкавы думкі. За Цімоха Будзіка ўхапіўся ён цяпер, як хапаецца за купіну сярод дрыгвы чалавек, страціўшы пад нагамі грунт. Колас.
•••
Абедзвюма рукамі ўхапіцца за каго-што — з вялікай ахвотай згадзіцца з якой‑н. прапановай, з радасцю выкарыстаць каго‑, што‑н.
Ухапіцца за розум — адумацца, абразуміцца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)