мэ́канне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. мэкаць; гукі гэтага дзеяння.
мэ́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Утвараць працяжныя гукі «мэ-мэ» (пра некаторых жывёл).
мэ́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Аднакр. да мэкаць.
мэ́ндлік, ‑а, м.
Пяць снапоў ячменю, аўса, пастаўленых у кучкі для прасушкі і накрытых распасцёртым снапом зверху. Перад.. [Сцёпкам] раскрываюцца ўсё новыя і новыя рысункі дарогі: лясы, лужкі, мосцікі, пажоўклыя гоні палёў, дзе пападаюцца сям-там яшчэ непрыбраныя мэндлікі аўсоў. Колас. // Тое, што і бабка 2 (у 6 знач.). Досвіткам.. [Густаў] дайшоў да поля, дзе стаялі мэндлікі нязвезенага жыта. Чорны. За лесам жытні палетак, устаўлены мэндлікамі без шапак. Мурашка.
[Ням. Mandel.]
мэр, ‑а, м.
Галава муніцыпалітэта ў некаторых зарубежных краінах.
[Фр. maire ад лац. major — большы.]
мэ́рам, прысл.
Абл. Нібы, быццам. За бліскавіцаю грукнуў гром, мэрам выстрал з дзесяткаў гармат, ускалыхнуўшы зямлю. Гартны.
мэ́рыя, ‑і, ж.
Муніцыпальнае ўпраўленне, а таксама памяшканне, дзе такое ўпраўленне размешчана.
[Фр. mairie.]
мэ́та, ‑ы, ДМ мэце, ж.
Тое, да чаго імкнуцца, чаго жадаюць дасягнуць. Мэта ўрока. Дасягнуць мэты. □ Міналі дні, ішлі гады. Ішлі і мы да нашай мэты. Бялевіч. [Свірын:] — Мэта ў нас з вамі адна — спакойна жыць, добра вучыцца і мірна працаваць. Пальчэўскі. // Пэўны намер, пастаўленая задача. Хацелася проста так, без мэты, паблукаць па вуліцы, паглядзець на людзей, на вітрыны, на рух машын. Карпаў. Ішла.. група з ранейшай мэтай — падбіраць для справы людзей у вёсках. Новікаў. // Загадзя намечаны пункт, мяжа. Тым самым тыднем, а можа, наколькі дзён раней, .. стары Нявада падышоў да мэты свайго доўгага падарожжа. Чорны.
•••
З мэтай чаго — для таго каб.
мэ́тавы, ‑ая, ‑ае.
Накіраваны на дасягненне якой‑н. мэты. Мэтавае заданне. Мэтавая ўстаноўка. // Прызначаны для пэўнай мэты. Мэтавае фінансаванне.
мэтазго́днасць, ‑і, ж.
Уласцівасць мэтазгоднага. [Анатоль:] — Вуду шчыры: мэтазгоднасць такога кроку прадыктавана яшчэ і складанасцю абставін. Ваданосаў.