Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

другаразра́дны, ‑ая, ‑ае.

Другога разраду; не лепшы, другакласны. Другаразрадны рэстаран.

дру́гаснасць, ‑і, ж.

Уласцівасць другаснага. Першаснасць матэрыі і другаснасць свядомасці.

дру́гасны, ‑ая, ‑ае.

Вытворны, не зыходны; які з’яўляецца другой, пазнейшай ступенню развіцця чаго‑н. Другасны прадукт. Другасныя сплавы.

другі́, ‑ая, ‑ое.

1. Ліч. парадк. да два (у 1 знач.). Другі па парадку. Другі дом з краю. Другая дзея п’есы. □ Дрэва хіснулася раз, другі; за трэцім разам гучна трэснула каля кораня і ўпала. Колас. На другой старонцы [газеты] быў надрукаваны ўказ аб прысваенні пачэсных званняў настаўнікам. Корбан. // Які робіцца або адбываецца паўторна. На гэтых папялішчах і пачалося другое нараджэнне калгаса. Якімовіч. // Ужываецца ў спалучэнні «адзін — другі» пры проціпастаўленні, пералічэнні. І хаты няроўныя тут, як і людзі: адна большая, другая меншая. Колас. [Барада] няроўная ў .. [дзеда] — адна палавіна густая, другая — рэдкая. Лынькоў.

2. Не такі, інакшы, непадобны да гэтага або ранейшага. Зусім другі голас чуе Паўлік — дабрадушны, ласкавы. Сташэўскі. За край небасхілу пралезла раўніна, І воблік зямлі стаў адменны, другі. Танк. // Процілеглы. Пераехаць на другі бераг ракі. □ Павел загадаў двум рабочым перайсці на другі бок пакгауза. Лынькоў.

3. Не гэты, іншы. Людзі гавораць, кахае Хлопца дзяўчына другая. Прыходзька. — Другім разам прыходзьце. Зараз няма калі. Спяшацца трэба. Кандрусевіч. / у знач. наз. другі́, ‑ога, м.; друга́я, ‑ой, ж. Другога слухай, а свой розум май. Прыказка. Сам не гам і другому не дам. Прымаўка. // у знач. наз. другі́я, ‑іх. Астатнія, іншыя. Штось новае кожны бачыў І сам у сабе і ў другіх. Колас. О, не хадзі к другім за радай, — У пушчы сонца не шукай! Купала.

4. Які замяняе першага, сапраўднага. Другая радзіма. Быць другім бацькам для дзяцей.

5. перан. Не галоўны, другарадны. На другіх ролях. На другім плане. // Які выконвае дапаможную партыю. Другая скрыпка. // Ніжэйшы, горшы па якасці за першы. Другі сорт. Каюта другога класа.

6. Разм. Некаторы, іншы, які-небудзь. І зробіць яшчэ Сцёпка такія выбрыкі ў паветры, што і артыст другі пазайздросціць. Колас. Была Марылька такая смелая, што і хлопец другі не дакажа. Якімовіч.

7. у знач. наз. друго́е, ‑ога, н. Страва, якая падаецца пасля першай. — Што там у цябе сёння на другое? — адставіўшы пустую талерку і адсопваючыся, спытаў Харытон Ігнатавіч. Васілёнак.

8. у знач. пабочн. друго́е. Па-другое. — А другое, усе мы гарапашнікі, неўзабаве будзем мець уласныя надзелы зямлі. Бажко.

•••

Адзін другога варты гл. адзін.

Адзін за другім гл. адзін.

Адна нага тут, другая там гл. нага.

Другая маладосць гл. маладосць.

Другая натура гл. натура.

Другі раз; другім разам гл. раз.

Другое дыханне гл. дыханне.

З другой оперы гл. опера.

дру́жа, клічная форма ад наз. «друг», м.

Разм. Ужываецца як сяброўскі зварот да каго‑н. — Да нас у госці прыязджай, Мой дружа дарагі! Агняцвет.

дружа́ка, ‑і, м.

Абл. Блізкі друг, сябар. Базыль і Грышка — найлепшыя дружакі. Колас. Позна ўвечары Сілівей Зязюля прыйшоў начаваць да свайго старога дружакі Піліпа Канапелькі. Каваль.

дружалю́бнасць, ‑і, ж.

Прыязнасць, добразычлівасць. Прыйшлі .. [Аляксандру Іванавічу] на памяць дакорлівыя позіркі ды нават і заўвагі сяброў. Потым слёзы Ніны, яе такая харошая, жаночая, цярплівая дружалюбнасць. Пестрак.

дружалю́бны, ‑ая, ‑ае.

Прыязны, добразычлівы. Дружалюбныя адносіны. Дружалюбны чалавек. □ Што-о, што вы сказалі? — перабіў Рыгора чыйсьці далёка не дружалюбны голас. Гартны. // Заснаваны на дружбе, на прыязных адносінах; узаемна добразычлівы. Дружалюбная палітыка. Дружалюбныя дзяржавы. Дружалюбная размова.

дру́жба, ‑ы, ж.

Блізкія прыязныя адносіны паміж кім‑н., заснаваныя на ўзаемнай прыхільнасць, агульнасці інтарэсаў і пад.; сяброўства. Даўняя дружба. Дружба народаў СССР. □ Наш доўг быў ісці, прабівацца да роднай зямлі, а доўг салдацкай дружбы патрабаваў ад мяне несці параненага сябра. Шамякін. Былі слаўныя вечары іх блізкасці і дружбы — хіба не можа быць дружбы паміж мужчынам і жанчынаю? Колас.

•••

Не ў службу, а ў дружбу; не па службе, а па дружбе гл. служба.

Дружба дружбай, а служба службай — нельга парушаць службовых законаў у імя дружбы.

дружба́к, ‑а, м.

Разм. Блізкі друг; сябар. Напарнікам у Віктара быў, як і летась, яго стары дружбак Анісь Шчыт, ён і прымаў змену. Хадкевіч.