Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бязбо́льны, ‑ая, ‑ае.

Які не выклікае болю, фізічных пакут. Бязбольнае выдаленне зуба.

бязбо́язнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць бязбоязнага; бясстрашнасць.

бязбо́язны, ‑ая, ‑ае.

Які не ведае боязі, страху; бясстрашны. Бязбоязны чалавек.

бязбро́вы, ‑ая, ‑ае.

Без броў, а таксама які мае ледзь прыкметныя (звычайна светлыя) бровы. На пажоўклай ад часу паперы захаваўся здымак: двое маладых хлопцаў стаялі побач. Адзін, крыху старэйшы, скуласты, амаль бязбровы, а другі — худзенькі, з далікатным, як у дзяўчыны, тварам, высокі. Хомчанка.

бязва́жкасць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан бязважкага. Толькі ў космасе, пры палёце па інерцыі даводзіцца сустракацца з бязважкасцю. Гамолка.

бязва́жкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае вельмі нязначную, малую вагу; лёгкі. Ён ужо даўно не браў яе рукі ў сваю, і цяпер яму здалося, што рука нейкая бязважкая. Асіпенка.

бязве́р’е, ‑я, н.

Адсутнасць веры, упэўненасці ў чым‑н.; нявер’е. Трывожна было і на душы Клямта. Але ён не паддаваўся бязвер’ю: ён наогул не быў схільны марочыць сябе рознымі сумненнямі. Мележ.

бязве́рхі, ‑ая, ‑ае.

Такі, у якога няма верху, верхавіны. Бязверхая бяроза.

бязве́транасць, ‑і, ж.

Адсутнасць ветру; ціхае надвор’е. Шум лесу — гэта песні дрэў, а дрэвы пяюць і ў бязветранасць. Хомчанка.

бязве́траніца, ‑ы, ж.

Ціхае, бязветранае надвор’е. Хвоі і ў ціхую бязветраніцу роўна і спакойна шумяць. Чорны.