Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бяда́к, бедака, м.

Разм. Той, хто вечна гаруе, бяздольны; няшчасны, гаротны. Сымон лічыўся найбольшым бедаком у вёсцы. Дзе калі якое гора навернецца, заўсёды трапіць на Сымона. Бядуля. [Ліса] коціць лапамі вожыка да бліжэйшага ручайка; спіхвае яго ў ваду... Каб не ўтапіцца, бедаку трэба плысці, і ён выпростваецца ў вадзе. Рылько.

бяда́цкі, ‑ая, ‑ае.

Разм. Уласцівы бедаку. // Поўны гора, бяды. Помню год цяжкі, бядацкі, Як памерлі на вясне — Маці з голаду, а бацька — Партызанам на вайне. Броўка.

бяда́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Разм. Жан. да бядак.

бяда́чы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да бедака, уласцівы бедаку. Палац ваш [панскі] смяецца з нядолі бядачай. Купала. Нягледзячы на бядачы лёс, народ ніколі не траціў пачуцця гумару, верыў у лепшую будучыню. Саламевіч.

бядне́ць, ‑нею, ‑нееш, ‑нее; незак.

Ператварацца ў бедняка, траціць сваё багацце. Там, дзе поблізу чутны ў людской гаворцы гарады Нясвіж і Слуцк, незадоўга да першай імперыялістычнай вайны пачаў бяднець у сваім вялікім маёнтку пан Гальвас. Чорны. // Спусташацца, траціць разнастайнасць, мізарнець. // перан. Траціць былую глыбіню, мізарнець, рабіцца пасрэдным. Бяднець на думкі. Бяднець на ідэі.

бядно́та, ‑ы, ДМ ‑ноце, ж.

Тое, што і бедната. Здзек, паняверка, царства тырана Нашую нішчылі сілу; Штык белай Польшчы, найміты пана Гналі бядноту ў магілу. Чарот.

бядня́к, бедняка. м.

Небагаты, незаможны, бедны чалавек. [Элія Бакучава:] — Багаты раз на жыцці памірае — бядняк штодзень. Самуйлёнак. Распрадавалі.. [такароўцы] апошнія здабыткі, каб плаціць адвакатам, зрабіліся беднякамі. Бядуля. // Бедны селянін, якога эксплуатавалі багачы. Атрымаўшы зямлю, дапамогу, яны [Цітаўна з сям’ёй] выбіліся з беднякоў у сераднякі. Шамякін. Спачатку ўся Гусевіца пайшла ў калгас, адны беднякі арганізаваліся. Асіпенка. Перш за ўсё вельмі падазрона, што на сход закліканы адны толькі беднякі і, што яшчэ больш дзіўна, Мікіта! Колас.

бядня́цкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да бедняка. Бядняцкая гаспадарка. // Які складаецца з беднякоў. Бядняцкая вёска, грамада.

бядня́цтва, ‑а, н., зб.

Бедныя людзі, бедната. Крыві, слёзам канца-меры Бядняцтва не знала. Купала.

бядня́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Жан. да бядняк.