ажыва́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. ажываць — ажыць.
ажыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да ажыць.
ажыві́цца, ажыўлюся, ажывішся, ажывіцца; зак.
1. Ажыць, прачнуцца. Прырода ажывілася.
2. Зрабіцца больш ажыўленым, вясёлым, жыццярадасным. Заўважыўшы людзей, Раман ажывіўся і значна павесялеў. Колас. Людзі, высыпаўшы з душнага памяшкання, ажывіліся, абудзілі вуліцу смехам і гоманам. Дуброўскі.
3. Зрабіцца шумным, поўным руху, дзейнасці. Пасекі ажывіліся... Зусім новыя людзі насялілі іх. Чарот. Празвінеў лясны званок, І адразу ажывіўся, І на ўсе лады заліўся З краю ў край зялёны бор. Бачыла.
4. Зрабіцца больш актыўным; пайсці жывей, хутчэй. Работа гуртка адразу ажывілася, колькасць аматараў тэхнікі падвоілася. Шамякін.
ажыві́ць, ажыўлю, ажывіш, ажывіць; зак., каго-што.
1. Вярнуць да жыцця, зноў зрабіць жывым. Пабегла ваўчыха на высокую гару, дастала пляшачку жывой вады. Вярнулася і ажывіла Івана. Якімовіч. // перан. Выклікаць яркае ўяўленне пра што‑н., аднавіць у памяці забытае. Ажывіць у памяці былое.
2. Зрабіць ажыўленым, вясёлым, бадзёрым. Гэты ліст надта ўзрадаваў Алёнку, ажывіў, падняў яе настрой, выклікаў цэлы рад новых пытанняў у сувязі з грамадскаю работаю. Колас. Салодкае, духмянае паветра, звонкае шчабятанне птушак ажывілі настрой. Дудо.
3. Напоўніць жыццём, дзейнасцю, рухам. Мужыкі запоўнілі прасторную хату, .. ажывілі здаровымі галасамі. Каваль.
4. Узмацніць, актывізаваць дзейнасць чаго‑н. Ажывіць работу семінара. Ажывіць гандаль.
ажыжа́льнік, ‑а, м.
Спец. Прыбор для ператварэння газаў у вадкасць.
ажыжэ́нне, ‑я, н.
Спец. Ператварэнне газаў у вадкі стан шляхам ахаладжэння.
ажы́на, ‑ы, ж.
1. Кустовая ягадная расліна сямейства ружакветных з калючымі сцябламі. Масюк і Сушыцкі ў гэты час сядзелі ў канцы вёскі пад кустом ажыны. Пальчэўскі.
2. часцей мн. (ажы́ны, ажын). Чорна-шызыя ядомыя ягады гэтай расліны, з выгляду падобныя на маліны. [Каза:] — Але я ўсю пушчу гэту Абягаю з лета ў лета. Пакажу, дзе шмат чарніц, Шмат малін, ажын, суніц. Муравейка.
ажы́навы, ‑ая, ‑ае.
Які мае дачыненне да ажыны. Ажынавы куст. // Прыгатаваны з ажын. Ажынавы настой. Ажынавае варэнне.
ажыта́цыя, ‑і, ж.
Уст. Узбуджаны стан, моцнае хваляванне.
[Фр. agitation.]