даду́бліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да дадубіць.
даду́мацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Раздумваючы, зразумець што‑н., прыйсці да якога‑н. вываду, заключэння. Памеркаваўшы ды падумаўшы, можна да чаго-небудзь і дадумацца. Колас. Цешча была на дзіва лагоднай і старалася чым можна дагадзіць зяцю. Міхась дадумацца не мог, што раптам з ёю сталася. Б. Стральцоў.
даду́маць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што і з дадан. сказам.
Скончыць абдумванне чаго‑н. Юркевіч не даў .. [Юзіку] дадумаць да канца сваіх думак. Мурашка. Алесь міжвольна зрабіў два крокі назад. Раней чым мозг паспеў дадумаць, што гэта непрыстойна. Караткевіч.
даду́мвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да дадумацца.
2. Зал. да дадумваць.
даду́мваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да дадумаць.
дадурэ́цца, ‑эюся, ‑эешся, ‑эецца; зак.
Разм. Дурэючы, давесці сябе да непрыемных вынікаў.
дадушы́, выкл.
Разм. Ужываецца для падмацавання чаго‑н., для запэўнення ў чым‑н.; блізкае па значэнню да слова «далібог». [Пан Кузель] просіць грамадзян не абурацца, бо ён, бядак, мае такі непрыемны загад [арыштаваць бацьку], хоць сам, дадушы, не хацеў бы... Таўлай.
дады́баць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм. Павольна, з цяжкасцю дайсці да якога‑н. месца; дацягнуцца, давалачыся. Памалу, мерна, крок за крокам У сваім раздум’і адзінокім Дадыбаў бацька скора к дому. Колас. Лес, здаецца, зусім побач. Вось ён, чорны, як сцяна, але дадыбай да яго, калі цяжка ісці па калена ў снезе, калі займае дух. Пташнікаў.
дае́дзены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад даесці.
дае́зджаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад даездзіць.