Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дажа́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад дажаць.

дажаўта́, прысл.

Да жоўтага колеру. — Вымыла я падлогу, вышаравала дажаўта. Пташнікаў.

дажа́цца, ‑жнуся, ‑жнешся, ‑жнецца; ‑жнёмся, ‑жняцеся; зак.

Разм. Жнучы, дайсці, дабрацца да якога‑н. месца. Дажацца да дарогі. Дажацца да сярэдзіны паласы.

дажа́ць, ‑жну, ‑жнеш, ‑жне; ‑жнём, ‑жняце; зак., што.

Скончыць жаць, зжаць да канца. Калгаснікі дажалі жыта і пачалі жаць ярыну. Чорны.

дажда́цца, ‑ждуся, ‑жджэшся, ‑жджэцца; зак., каго-чаго.

Разм. Тое, што і дачакацца. Пад сярмяжнай мокрай світай Гнеўна б’ецца сэрца, Расквітацца з панскай світай Прагне, не дажджэцца... Шушкевіч.

дажда́ць, ‑жду, ‑жджэш, ‑жджэ; зак., каго-чаго.

Разм. Тое, што і дачакаць. Вылі жудкія годы, Яшчэ горшых даждалі, як вайны усясветнай Пракаціліся хвалі. Купала.

дажджава́льны, ‑ая, ‑ае.

Які служыць для дажджавання. Дажджавальны апарат. Дажджавальная ўстаноўка.

дажджава́нне, ‑я, н.

Штучнае арашэнне з дапамогай спецыяльных апаратаў, установак.

дажджаві́к, ‑а, м.

Плашч з непрамакальнага матэрыялу для засцярогі ад дажджу. Дубовік моршчыў буры ад загару твар, час ад часу прыкрываючы яго каўняром плашча-дажджавіка. Сіўцоў. Перад хатай таптаўся нейкі чалавек у старым цыратавым дажджавіку. Бажко.

дажджавы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які паходзіць з дажджу, уласцівы дажджу, утвораны дажджом. Дажджавая вада. Дажджавыя каплі. □ За агародамі на нізкай паплавіне звінела дажджавая ручаіна. Чорны. // Які нясе дождж, багаты дажджом. Дажджавыя воблакі. // Прызначаны для засцярогі ад дажджу. Дажджавы плашч.

•••

Дажджавы чарвяк гл. чарвяк.