дазапраўля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да дазаправіць.
даза́тар, ‑а, м.
Прыстасаванне для аўтаматычнага адмервання або адважвання сыпкіх, вадкіх, газападобных рэчываў. З шумам сыпаўся ў дазатары шчэбень і пясок, паплёсквала вада, шамацеў цэмент. «Полымя».
дазбіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
1. Скончыць збіранне чаго‑н.; поўнасцю сабраць. Дазбіраць ягады.
2. і чаго. Сабраць тую колькасць чаго‑н., якой не хапала. Дазбіраць матэрыялу для даследавання.
дазваля́цца, ‑яецца; незак.
1. безас. Быць дазволеным. Курыць не дазваляецца. □ Вясна. Дазваляецца чытачу маляваць вясну па свайму густу. Бядуля.
2. Зал. да дазваляць (гл. дазволіць у 1 знач.).
дазваля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да дазволіць.
дазвані́цца, ‑званюся, ‑звонішся, ‑звоніцца; зак.
Разм. Звонячы, атрымаць адказ на званок. Дазваніцца да таварыша.
дазва́ння, прысл.
Зусім, начыста, поўнасцю. Мы салдацкую клятву далі — Знішчыць граніцу крывавую, сцерці дазвання. Куляшоў. З лёгкай рукі Язэпа Дубінца маёнтак пана Паўзуновіча-Валькоўскага згарэў дазвання, і разам з ім згарэла ўся дакументацыя камендатуры. Шашкоў.
дазва́цца, ‑завуся, ‑завешся, ‑завецца; зак., каго.
Разм. Неаднаразова завучы, клічучы, прымусіць каго‑н. адазвацца, з’явіцца. Крычу з адчаем безгалосым: — Ма-ма-а! — І аніяк дазвацца не магу. Гаўрусёў.
дазво́л, ‑у, м.
Згода на што‑н.; права зрабіць, выканаць што‑н. Атрымаць дазвол. Даць дазвол. □ Ох, жыць пад панам не салодка, На ўсё павінен быць дазвол. Колас. Даніла папрасіў у Хвядоса Іванавіча дазволу і пасля другога ўрока пайшоў дамоў. Чарнышэвіч. // Разм. Дакумент на права зрабіць што‑н. Аформіць дазвол на праезд.
дазво́лены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад дазволіць (у 1 знач.).
2. у знач. прым. Такі, што дазваляецца, дапускаецца. Дазволеныя прыёмы барацьбы.