дзы́ньканне і дзі́ньканне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. дзынкаць, дзінькаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Гэты звон не быў падобны ні на звон патэльні аб прыпечак, ні па дзынканне конскіх цугляў. Краўчанка.
дзын-дзы́н і дзінь-дзінь, выкл.
Ужываецца для перадачы гукаў званка, шкла, трамвая і пад. Мчацца коні. Дзын-дзын-дзын! Колас. Ілонка пастукала мацней.. «Дзінь-дзінь», — бразгала шыба пад яе пальцамі. Хомчанка.
дзьму́ты, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і выдзіманы. Пан Даніла сустрэў.. [маладога], седзячы за сталом, на якім стаяў дзьмуты зялёны штоф. Караткевіч.
дзьмухаве́ц, ‑хаўца, м.
Разм. Адуванчык. На цёмнай ужо, сакавітай траве абочын камячкамі кволага пуху стаіць дзьмухавец. Брыль.
дзьму́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Перарывіста, з перапынкамі дзьмуць. Чай гарачы, Ляксей доўга дзьмухае на яго, глыне глыток і зноў дзьмухае. Жычка. Алесь прывалок два вялізныя кашы бульбы, засопся, пачаў дзьмухаць на расчырванелыя рукі. Чарнышэвіч.
дзьму́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Аднакр. да дзьмухаць.
дзьму́цца, ‑муся, ‑меліся, ‑мецца; ‑мёмся, ‑мяцеся; незак., на каго-што і без дап.
Разм. Крыўдзіцца, сердаваць. Галя ўсе гэтыя дні нечага дзьмулася на .. [Міхася], а калі часам сустракаліся, дык старалася глядзець у другі бок, каб не сустрэцца вачамі. Гурскі.
дзьмуць, ‑му, ‑меш, ‑ме; ‑мём, ‑мяце; незак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Несці, гнаць струмень паветра; веяць (пра вецер). Дзьмуў лёгкі ветрык, ласкаючы твар і зганяючы спякоту. Гартны. Ноч была халаднаватая, вецер дзьмуў няроўна: і гусцеў і зменшваўся. Чорны. / у безас. ужыв. Была ўжо глыбокая восень. Дзьмула халоднымі вятрамі, напаўняла канавы дажджом. Ракітны. // безас. Цягнуць, прабіваць (пра скразняк). — Настаюць сапраўдныя халады. Вы бачыце, як дзьме праз вокны?.. Скразняк! Грамовіч.
2. З сілаю выпускаць з рота струмень паветра. Дзьмуць на агонь. □ І хлопчык стаў у дудку дзьмуць, Гамоніць дудка галасліва. Колас. Коля стаяў на каленях і дзьмуў на невялікі грудок сухіх галінак. Ставер.
•••
І ў вус (сабе) не дзьме — не звяртае ўвагі на што‑н., не турбуецца.
дзю́ба, ‑ы, ж.
1. Выцягнутыя, з рагавым пакрыццём, бяззубыя сківіцы ў птушак і некаторых іншых жывёл, прыстасаваныя для яды. Гусі шчыпалі мураву жоўтымі дзюбамі. Галавач. [Арол] прыўзняў кручкаватую дзюбу колеру адпаліраванага крэменя і зноўку ўзяўся смакаваць мяса. Беразняк.
2. перан. Тонкі востры канец чаго‑н. Дзюба нажа. □ [Галя] бачыла на школе шыферны дах і дзюбу вежавага крана. Грахоўскі. Людзі да Грасыльды хадзілі часта.., і кручок выгрыз за доўгія гады глыбокую ямку [у вушаку] — хаваецца ўсёй дзюбай. Пташнікаў.
•••
З камарыную дзюбу — пра што‑н. надта малое, мізэрнае.
дзюбану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Тое, што і дзюбнуць.