Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

абца́с, ‑а, м.

Цвёрдая набойка на падэшве абутку пад пятой; каблук. Алёша стукнуў абцасам аб падлогу, каб бот палез, падцягнуў халявы, выпрастаўся і спакойна пацвердзіў: «Сказаў не пайду — не пайду!» Шамякін.

•••

(Быць у каго, трымаць каго) пад абцасам — быць, трымаць у падпарадкаванні.

абца́савы, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да абцаса. Абцасавы цвік.

абцерабі́цца, ‑цераблюся, ‑цярэбішся, ‑цярэбіцца; зак.

Тое, што і ацерабіцца.

абцерабі́ць, ‑цераблю, ‑цярэбіш, ‑цярэбіць; зак., што.

1. Ачысціць ад галля, бацвіння, лісця і пад. Урэшце, спусціўшы апошняе дрэва на дзялянцы, мы абцерабілі яго і выбраліся на слаба ўезджаную дарогу. Савіцкі. // Абсячы, абрэзаць галлё, бацвінне, лісце і пад. Абцерабіць галлё на дрэве.

2. Разм. Аб’есці. Падрос козлік і вельмі ж развалачыўся. Панадзіўся ў Піліпавы грады і ўсе капусныя высадкі абцерабіў. Брыль.

абцерусі́ць, ‑церушу, ‑цярусіш, ‑цярусіць; зак., што.

Цярусячы, абсыпаць. Скалануў [Мірон] бярозку — абцерусіў усяго сябе. Кудравец.

абцерушы́цца, ‑церушуся, ‑цярушышся, ‑цярушыцца; зак.

Абтрэсціся, абабіцца (ад снегу, пылу і пад.).

абцерушы́ць, ‑церушу, ‑цярушыш, ‑цярушыць; зак., што.

1. Абтрэсці, абабіць (снег, пыл і пад.) з чаго‑н. Мацей Кулеш.. ля парога абцерушыў з шапкі і з каўняра мокры снег. Шамякін. Хлопцы падняліся бледныя, разгубленыя, моўчкі абцерушылі пясок са штаноў і кашуляў і гэтак жа моўчкі рушылі далей. Якімовіч.

2. Памяўшы, аддзяліць (пра зерне, колас). [Пятро] працягнуў руку, сарваў пару каласоў і, абцерушыўшы іх, пяшчотна перасыпаў буйныя залатыя зерні. Шамякін.

абце́рці, абатру, абатрэш, абатрэ; абатром, абатраце, абатруць; заг. абатры; пр. абцёр, ‑церла; зак., каго-што.

1. Выціраючы, зрабіць сухім, чыстым. Узяўшы яблык, Марына абцерла яго ражком хусткі і пачала есці. Кавалёў. Стары паклаў жалеза і абцёр аб фартух рукі. Чорны. Некалькі баравікоў упала з кошыка. [Міколка] падняў іх, старанна абцёр ад пылу, палажыў назад. Лынькоў. // Выціраючы, сцерці што‑н. Яўхім абцёр рукавом пот на лбе і акінуў позіркам двор, шукаючы ценю. Пальчэўскі.

2. Зняць верхні слой чаго‑н. Аб пясок абцёр іржу з яе — І падкова нібы люстраная. Непачаловіч.

абце́рціся, абатруся, абатрэшся, абатрэцца; абатромся, абатрацеся; пр. абцёрся, ‑церлася; заг. абатрыся; зак.

1. Абцерці сябе; выцерціся. Абцерціся ручніком. □ Потым [Пятрок] збольшага абцёрся рукавамі сарочкі і ўвайшоў у хату. Нікановіч. Трэба ж было адпачыць, абцерціся, бо на запыленых тварах блішчалі толькі вочы. Чарнышэвіч. // Ачысціцца, выцерціся, стаць бліскучым ад частага ужывання, трэння. Ужо абцерліся лемяхі аб жорсткую сырую зямлю і заблішчалі на сонцы. Галавач.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сцерціся ад частага ужывання, нашэння, трэння. Фарба на шафе абцерлася. □ Калі [Сідар] узяў вугаль у пальцы, убачыў, што ён зусім ужо абцёрся, пальцы ў сажу не мажуцца. Галавач.

3. перан. Разм. Засвоіць манеры, набыць звычкі, прынятыя ў калектыве, асяроддзі. Цяжка было ў школе, пакуль збольшага абцёрся. Таўлай. Нібыта Гарбачэня, няўжо ж, — прыглядаючыся, гаварыў пастух. — А божачка! Што значыць чалавек пабыў сярод людзей, як абцёрся — не пазнаць. Гурскі.

абцёрты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад абцерці.