абхапі́ць, ‑хаплю, ‑хопіш, ‑хопіць; зак., каго-што.
1. Абняць (рукамі, нагамі, лапамі). Адзін з мужчын, той, што вынес з агню жанчыну, абхапіў Ягора за шыю і шчыра, па брацку, пацалаваў. Кавалёў. Таццянка кінулася даганяць. Дагнала і ледзь-ледзь абхапіла рукамі, такі вялікі быў мяч. Юрэвіч. Мядзведзь, выбіўшы з рук аслупянелага Радзівіла стрэльбу, абхапіў лапамі князя, патрос, як грушу, і кінуў на зямлю. Гурскі.
2. перан. Акружыць з усіх бакоў (пра холад, цемру, полымя і пад.). Віця скінуў паліто. Мароз адразу ж абхапіў цела ледзянымі абцугамі. Корзун. Сіняе полымя спачатку нясмела лізнула браню, затым скочыла ўгору і, стаўшы чырвоным, абхапіла ўсю танкетку. Чыгрынаў.
3. перан. Зразумець, засвоіць што‑н. [Ліда:] — Вы адразу ўсё жыццё хочаце абхапіць, каб ведаць яго. Галавач.
4. Зрабіць абход праціўніка з флангаў з мэтай нападу; акружыць. [Сярго:] Рашуча наступаць уздоўж ракі І горад абхапіць кальцом. Глебка. [Разведчык:] — Немцы прарваліся на поўдні ад Чырвонай Нівы. Каля двух батальёнаў. Імкнуцца абхапіць нас. М. Ткачоў.
абхарашы́цца, ‑рашуся, ‑рошышся, ‑рошыцца; зак.
Агледзецца, прывесці сябе ў належны парадак. Якуш пазаціраў сляды, абхарашыўся сам і глыбей закапаўся ў сена. Скрыган.
абхарашы́ць, ‑рашу, ‑рошыш, ‑рошыць; зак., каго-што.
Прыдаць каму‑, чаму‑н. належны выгляд, упрыгожыць; паправіць.
абха́ркаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Разм. Харкаючы, апляваць.
абха́ркваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да абхаркаць.
абхаро́шваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да абхарашыць.
абхваста́ць, ‑хвашчу, ‑хвошчаш, ‑хвошча; зак., што.
Б’ючы па чым‑н. пугай, дубцом, прымусіць апасці, адваліцца. Абхвастаць пугай лісце з куста.
абхва́т, ‑у, М ‑хваце, м.
Даўжыня па акружнасці, роўная адлегласці ад кончыкаў пальцаў адной рукі да кончыкаў пальцаў другой, калі абхапіць распасцёртымі рукамі што‑н. Непадалёку ад хаты, пры самым плоце, расла ў два абхваты ліпа. Сабаленка. // Таўшчыня чаго‑н., якая вымяраецца па акружнасці. Вышыня баабаба дасягае 25 м, а ствол да 45 м у абхваце.
абхва́тваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да абхваціць. [Аўгіня] абхватвае.. [Мартына] рукамі за шыю, прынікае да яго твару. Колас.
абхваці́ць, ‑хвачу, ‑хваціш, ‑хваціць; зак., каго-што.
Тое, што і абхапіць.