абце́рціся, абатруся, абатрэшся, абатрэцца; абатромся, абатрацеся; пр. абцёрся, ‑церлася; заг. абатрыся; зак.
1. Абцерці сябе; выцерціся. Абцерціся ручніком. □ Потым [Пятрок] збольшага абцёрся рукавамі сарочкі і ўвайшоў у хату. Нікановіч. Трэба ж было адпачыць, абцерціся, бо на запыленых тварах блішчалі толькі вочы. Чарнышэвіч. // Ачысціцца, выцерціся, стаць бліскучым ад частага ужывання, трэння. Ужо абцерліся лемяхі аб жорсткую сырую зямлю і заблішчалі на сонцы. Галавач.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сцерціся ад частага ужывання, нашэння, трэння. Фарба на шафе абцерлася. □ Калі [Сідар] узяў вугаль у пальцы, убачыў, што ён зусім ужо абцёрся, пальцы ў сажу не мажуцца. Галавач.
3. перан. Разм. Засвоіць манеры, набыць звычкі, прынятыя ў калектыве, асяроддзі. Цяжка было ў школе, пакуль збольшага абцёрся. Таўлай. Нібыта Гарбачэня, няўжо ж, — прыглядаючыся, гаварыў пастух. — А божачка! Што значыць чалавек пабыў сярод людзей, як абцёрся — не пазнаць. Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)