Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

штыкава́нне, ‑я, н.

Спец. Дзеянне паводле знач. дзеясл. штыкаваць.

штыкава́цца, ‑куецца; незак.

Зал. да штыкаваць.

штыкава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак., што.

Спец. Перакопваць глебу на глыбіню палатна рыдлёўкі з разрыхленнем і пераварочваннем пластоў зямлі. Штыкаваць глебу ў садах.

штыкавы́, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да штыка ​1, служыць для прымацавання штыка ​1 (у 1 знач.). Штыкавая трубка. □ Прыйшло чалавек сто, а можа і яшчэ больш. Ды ўсе з нажамі, з нейкімі кінжаламі, нават са штыкавымі цесакамі, якія дзе ў каго пазаставаліся з вайны. Дубоўка. // Нанесены, зроблены штыком. Штыкавая рана. □ Трэба, каб твой росчырк быў Падобны бліскавіцы грому, Падобны ўдару штыкавому. Танк. // Які адбываецца, робіцца з прымяненнем штыкоў (пра рукапашны бой). [Алешын:] Глядзіце: вораг уцякае — Не вытрымаў атакі штыкавой. Бачыла.

штыке́тнік, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у, зб. Вузкія драўляныя планкі, з якіх робяць плот. Прывезці воз штыкетніку.

2. ‑а. Плот, агароджа, зробленая з такіх планак. Схуднеў за вёскай Хмызнякоў наўкруг, І знікла са штыкетніка даёнка. Грачанікаў.

штыке́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да штыкетніка, зроблены з яго. За рэдкай штыкетнай агароджаю, матляліся на вяроўцы жоўтыя і блакітныя дзіцячыя штонікі. Савіцкі.

штыке́ты, ‑аў; адз. штыкет, ‑а і ‑у, М ‑кеце, м.

Тое, што і штыкетнік. [Сад] абгароджаны штыкетамі і густа абсаджаны елкамі. Пальчэўскі. Перад вокнамі зрабіў палісаднічак, паставіў штыкеты, а каля веснічак пасадзіў бярозку. Васілёнак.

штыке́ціна, ‑ы, ж.

Адна планка ў штыкетніку. Вухнаты снег вісеў на яблынях, ляжаў высокай шапачкай на кожным слупу, на кожнай штыкеціне. Гаўрылкін. З аднаго боку хаты быў агарод, абнесены няроўным плотам з шырокіх штыкецін. Аляхновіч. Дабегшы да агароджы, Сцёпка адарваў штыкеціну і пралез у сад. Хомчанка.

штыко́ўка, ‑і, ДМ ‑ўцы, ж.

Спец. Дзеянне паводле знач. дзеясл. штыкаваць.

штык-ю́нкер, ‑а, м.

У 18 ст. — афіцэрскі чын у артылерыі, які адпавядаў прапаршчыку ў пяхоце. // Асоба, якая мела такі чын.