Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бялу́жына, ‑ы, ж.

Мяса бялугі як ежа.

бялу́ха, ‑і, ДМ ‑лусе, ж.

Палярны дэльфін, які ў дарослым стане мае белую афарбоўку.

бяльма́сты, ‑ая, ‑ае.

З бяльмом на воку. Гэты дзядзька зрэдку касавурыў на яго сваё бяльмастае вока і чагосьці падміргваў цётцы. Лынькоў.

бяльмо́, ‑а; мн. бельмы, ‑аў; н.

1. Белаватая непразрыстая пляма на рагавой абалонцы вока, якая аслабляе зрок або прыводзіць да поўнай слепаты.

2. толькі мн. Разм. груб. Вочы.

•••

Выкаціць (вылупіць) бельмы гл. выкаціць.

(Як) бяльмо на воку — пра таго (тое), хто (што) перашкаджае, раздражняе сваёй прысутнасцю (наяўнасцю).

бялю́сенькі, ‑ая, ‑ае.

Вельмі белы, сляпуча белы. У верхавінах лесу журботна шумеў вецер, расцярушваючы між галін і на галінах дрэў бялюсенькую снежную сець. Колас. Аж гляджу — трымае мая Ганна аберучкі цэлы сувой палатна, танюсенькага, бялюсенькага, бы снег той. Кірэйчык.

бялю́ткі, ‑ая, ‑ае.

Вельмі белы. І вось над хатай, над гуменцам Сняжынкі жвавыя гуляюць, Садок і дворык засцілаюць Бялюткім, чыстым палаценцам. Колас.

бяля́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць бялявага. Бялявасць твару.

бяля́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Не зусім белы, белаваты. Бялявае месячнае святло лягло на зямлю. Чорны. Іду, а над крыніцаю Туман бялявы сцелецца, І дыхае аселіца Пахучай медуніцаю. Гілевіч.

2. З светла-русымі валасамі; светлагаловы. У Захаркі было шэсць дачок. І ўсе розныя: бялявыя, чарнявыя, рыжыя. Ракітны.

бяля́к, беляка, м.

1. Заяц, які мяняе зімой колер поўсці на белы. На лёд выскачыў бяляк, прабег з паўсотні крокаў і прысеў, насцярожана стрыгучы доўгімі вушамі. Кірэйчык.

2. Разм. пагард. Белагвардзеец.

бяля́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Светлавалосая, бялявая жанчына, дзяўчына. Цяпер як ні ў чым не бывала едуць вясельныя паязды з вёскі ў вёску: вязуць сабе палешукі чарнабровых нявест, а ўкраінцы — сінявокіх бялянак. Ракітны.