Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

абаро́т, ‑у, М ‑роце, м.

1. Поўны круг, зроблены пры вярчэнні. Кола робіць дзесяць абаротаў за секунду. Працаваць на малых абаротах. // Спец. Перавернуты пласт. Апрацоўка глебы з абаротам пласта.

2. Спец. Сукупнасць работ, аперацый, якія складаюць поўны цыкл у выкарыстанні чаго‑н., а таксама час, неабходны для гэтага. Абарот вагонаў.

3. Абарачэнне грашовых сродкаў і тавараў, гандлёва-прамысловыя аперацыі на ўзнаўленне і атрыманне прыбытку. Пусціць грошы ў абарот. □ За свае дзесяткі або сотні рублёў, якія маленькія людзі кладуць у банкі або ашчадныя касы, яны атрымліваюць працэнты тры або чатыры капейкі на рубель, а багачы складаюць з гэтых дзесяткаў — мільёны, расшыраюць на гэтыя мільёны свой абарот і нажываюць па дзесяць і дваццаць капеек на рубель. Ленін. // Сродкі, тавары, якія знаходзяцца ў абарачэнні. Гадавы абарот. Гандлёвы абарот.

•••

Браць (узяць) у абарот гл. браць.

абаро́так, ‑тку, м.

Разм. Тое, што і абарот (у 3 знач.).

абаро́тлівасць, ‑і, ж.

Уласцівасць абаротлівага.

абаро́тлівы, ‑ая, ‑ае.

Той, хто ўмела вядзе справы; вынаходлівы, энергічны. Чыкілевіч — абаротлівы, кемлівы чалавек, спрытны гаспадар, жыве наводшыбе. Колас.

абаро́тнасць, ‑і, ж.

Спец. Колькасць абаротаў (кола, вала і пад.) за пэўны прамежак часу. Высокая абаротнасць матора.

абаро́тны, ‑ая, ‑ае.

Спец.

1. Які прызначаны для абароту, знаходзіцца ў абароце (у 3 знач.). Абаротныя сродкі. Абаротны капітал. Абаротны баланс.

2. Які прызначаны для змены напрамку чаго‑н. у адваротны бок. Абаротная станцыя.

абаро́цісты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і абаротлівы.

абаро́чванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. абарочваць.

абаро́чвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да абярнуцца.

2. Зал. да абарочваць.

абаро́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да абярнуць (у 1–4 знач.).