капы́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да капыта, капытоў. Капытныя хваробы. // Які мае капыты. Капытныя жывёлы.
2. у знач. наз. капы́тныя, ‑ых. Назва атрада млекакормячых, у якіх фалангі пальцаў пакрыты капытамі.
капыто́к, ‑тка, м.
Памянш.-ласк. да капыт. Прайшло колькі дзён, і Стрэлачка ўстала на ногі, застукала капыткамі па падлозе, пачала хадзіць каля канапы. Даніленка.
капы́ціцца, ‑ціцца; незак.
Разм. Спатыкацца (пра каня).
капы́ціць, ‑ціць; незак.
Разм. Біць, таптаць капытамі. Каровы беспрытульныя равуць, На межах згорбленых быльнёг ірвуць. А коней капыты капыцяць рунь. Пушча.
капэ́ла, ‑ы, ж.
1. Хор, а таксама змешаны ансамбль спевакоў і музыкантаў. Дзяржаўная харавая капэла. Капэла бандурыстаў.
2. перан. Разм. Кампанія, група блізка знаёмых асоб. [Віталія] падбівала сваіх акцёраў усёй капэлай пайсці да Сівалоба. Шамякін.
[Лац. capella.]
капюшо́н, ‑а, м.
Адкідны галаўны ўбор, прымацаваны ззаду да каўняра верхняй адзежыны. Плашч з капюшонам. □ Іван Васільевіч адкінуў капюшон, зняў шапку, каб выцерці пот. Шамякін.
[Фр. capuchon.]
кап’які́дальнік, ‑а, м.
Спартсмен, які кідае кап’ё.
капялю́ш, капелюша, м.
Галаўны ўбор, мужчынскі — з палямі, жаночы — розных фасонаў. Саламяны капялюш. □ Прытрымліваючы капронавы капялюш, палі якога намоклі і абвіслі, Максім Сцяпанавіч сігаў вялізнымі крокамі. Карпаў. Каля століка пасажыра прайшла кабета ў чорным капелюшы. Бядуля.
[Лац. capellus.]
капялю́шнік, ‑а, м.
Майстар па вырабу капелюшоў.