я́лавіца, ‑ы, ж.
Ялавая карова; ялаўка. Карова Яўмена шэсць гадоў была ялавіцай, а на сёмы год узяла ды ацялілася. Жычка.
я́лавічны, ‑ая, ‑ае.
1. Тое, што і ялавы (у 2 знач.). Ялавічныя халявы.
2. Які мае адносіны да ялавічыны; прыгатаваны з ялавічыны. Ялавічныя катлеты.
я́лавічына, ‑а, ж.
Мяса каровы як ежа. Наварыць ялавічыны. □ Кавалак ялавічыны, што захапілі з сабою, пакідаючы абжытую друкарню на беразе дзікага возера, парэзалі на тонкія скрылікі. Карпаў.
я́лавы, ‑ая, ‑ае.
1. Бясплодны, неаплоднены (пра самак сельскагаспадарчай жывёлы). Ялавая карова.
2. Зроблены з ялаўкі (у 2 знач.). Увайшоўшы ў хату, .. [Андрэй Данілавіч] адразу вызваліўся ад моцных ялавых ботаў. Ракітны.
я́лаўка, ‑і, ДМ ялаўцы; Р мн. ялавак; ж.
1. Ялавая карова. Чорная карова-ялаўка насілася берагам, як ашалелая. Пташнікаў.
2. Спец. Скура каровы, якой больш за паўтара года; выраб з такой скуры.
яле́й, ‑ю, м.
Аліўкавы алей, які выкарыстоўваецца ў царкоўным ужытку. // перан. Пра тое, што суцяшае, супакойвае. Не буду я табе ялею ў сваю прамову падліваць. Прыходзька.
[Ад грэч. elaion — алей.]
яле́йнасць, ‑і, ж.
Разм. Уласцівасць ялейнага. Ялейнасць усмешкі.
яле́йны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Прыкра ласкавы, празмерна ліслівы; штучна набожны. Ялейны выраз твару. Ялейны тон.
яле́ц, яльца, м.
Невялікая рыба сямейства карпавых, якая паўсюдна водзіцца ў рачных і чыстых азёрных водах СССР. У затоцы спяць яльцы, З краснапёркамі ў цішы. Калачынскі.
я́лік, ‑а, м.
Невялікая шлюпка з адной ці дзвюма парамі вёсел.