дро́гкі, ‑ая, ‑ае.
Які трасе або трасецца. Расцёрты ў пальцах лісток пах, як вясковая ралля. Гэта нагадала Свідзерскаму той далёкі час, калі ён з бацькам ездзіў на дрогкай брычцы ў поле. Хомчанка. Усёю пяцярнёю экскаватар у дрогкі кузаў сыпле жаўтазём. Барадулін. // Які выклікае трасенне; няроўны, нягладкі. Цераз колькі хат быў канец даўгой шапятоўскай вуліцы, дзе выходзіла яна дрогкай грэбляй цераз выган у шырокі палявы прастор. Галавач. [У]ецца лясная дарожка, ляскаюць калёсы.. па дрогкай лясной зямлі. Марціновіч.
дро́жджы, дражджэй; адз. няма.
Род аднаклетачных мікраскапічных грыбоў, якія выклікаюць браджэнне, а таксама рэчыва з такіх грыбоў, якое прымяняецца ў хлебапячэнні, прыгатаванні піва і пад. Піўныя дрожджы. Цеста на дражджах.
•••
Кармавыя дрожджы — каштоўны бялковы корм для сельскагаспадарчай жывёлы, які атрымліваецца вырошчваннем дражджэй на адходах харчовай прамысловасці і іншых прадуктах.
Як на дражджах — вельмі хутка (расці, паднімацца і пад.).
дро́жкі, ‑жак; адз. няма.
Лёгкі адкрыты экіпаж. Сам наш старшыня, не давяраючы нікому, намазаў восі і колы ў дрожках, запрог каня і пакаціў па горадзе. Дубоўка.
дрозд, дразда, М драздзе, м.
Лясная птушка атрада вераб’іных.
•••
Даць дразда гл. даць.
дро́сель, ‑я, м.
1. Прыстасаванне ў выглядзе клапана, засланкі для рэгулявання ціску і расходу вадкасці, пары або газу.
2. Шпуля з меднага дроту, якая мае вялікае індуктыўнае супраціўленне і служыць для рэгулявання сілы току ў электрычным ланцугу.
[Ням. Drossel.]
дро́сельны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да дроселя. Дросельны клапан.
дрот, ‑у, М дроце; мн. драты; м.
Металічны выраб у выглядзе гібкай ніці або тонкага прута. Медны дрот. Калючы дрот. □ Дрот на слупах гуў і звінеў. Чорны. Федзя яшчэ здалёк убачыў, што клямка дзвярэй прыкручана да прабою дротам. Ваданосаў. // Разм. Драцяная загарода. Вакол вёскі акопы, дзоты, драты. Брыль.
[Польск. drut з ням.]
дро́цік 1, ‑а, м.
Памянш. да дрот; невялікі кавалак тонкага дроту. Застаўшыся адзін, я адразу ж садзіўся за стол і да позняй ночы выбіраў, разводзіў і зноў зводзіў у адно шматлікія арміі лічбаў, ціха перакідваючы іх на дроціках лічыльнікаў. Ракітны.
дро́цік 2, ‑а, м.
Старадаўняя кідальная зброя ў выглядзе невялікага кап’я.
[Грэч. doration — маленькае кап’ё.]
друг, ‑а, м.
Той, з кім хто‑н. дружыць; блізкі сябар, прыяцель. Заплакаў тут горка Міколка, баючыся расстацца з найлепшым таварышам сваім і з другам-прыяцелем. Лынькоў. / У зваротку. — Эй, друг! — гукнуў з-за калючак густы моцны бас. Ставер.