Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

штурмаві́к, ‑а, м.

1. Тып ваеннага самалёта, прызначаны для знішчэння сіл праціўніка з невялікай вышыні. Амаль датыкаючыся верхавін.. дрэў, зноў прайшлі штурмавікі. Шамякін.

2. Салдат, які ўдзельнічае ў штурме. Моўчкі слухаюць іх [цымбалы] мужыкі, Рукі зброю намацваюць самі. Пагражаюць штурмавікі Паіграць на цымбалах штыкамі. Куляшоў.

3. Член нацысцкай ваенізаванай арганізацыі ў фашысцкай Германіі. Пад грушай маладой Рыдлёўкамі капалі немцы дол. Збіраліся хаваць штурмавіка Вільгельма Фішара. Танк.

штурмавы́, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да штурму (у 1 знач.), з’яўляецца штурмам. Вораг не вытрымаў штурмавой атакі. «Маладосць». Старэйшыя браты ўжо ад’язджалі На Днепрабуд, Магнітку і Кузбас. Лісты іх пра паходы штурмавыя Спакойна не давалі нам заснуць. Панчанка. // Звязаны з падрыхтоўкай і правядзеннем штурму, прызначаны для штурму; які складаецца з штурмавікоў (у 2 знач.). Былі такія хвіліны, што Мікіта Бранавец сам ішоў уперадзе штурмавых груп. Кулакоўскі. Зрэшты, і мы называемся грозна — першы разлік штурмавога кулямётнага ўзвода. Брыль. // Прызначаны для штурму з паветра. Штурмавая авіяцыя.

шту́рман, ‑а, м.

1. Спецыяліст па ваджэнню ваенных надводных ці падводных караблёў і лятальных апаратаў. Штурман! Строга вытрымай кільватэр! Збочыш — міны ўдараць па бартах. Жычка. Маторы загулі на ўсю сваю моц, і самалёт рэзка пайшоў угору. Аб нечым перагаварваліся лётчык і штурман. Лынькоў.

2. У гандлёвым флоце — спецыяліст па ваджэнню судна і адначасова памочнік капітана.

[Гал. stuurman.]

шту́рманскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да штурмана, належыць яму. Яўген з паказной абыякавасцю насунуў на вочы сваю шыкоўную штурманскую шапку з вялізным беласнежным верхам і жоўтым бліскучым крабам над казырком. Краўчанка.

шту́рманства, ‑а, н.

Занятак, пасада, абавязкі штурмана.

штурмаўшчы́на, ‑ы, ж.

Разм. пагард. Празмерна паспешлівая, тэрміновая праца з мэтай выправіць дапушчаныя хібы, нагнаць упушчанае і пад., якая праводзіцца ў выніку парушэння планавасці ў арганізацыі працэсу працы. Часта да д’ябла ляцела з цяжкасцю дасягнутая рытмічнасць і пачыналася штурмаўшчына. Карпаў. [Мікалай Назаравіч:] — Год пачаўся, а яшчэ ніхто не ведае добра, якія ж станкі і лініі будзе выпускаць завод. Хоць бы на першае паўгоддзе... Вось таму і штурмаўшчына часам. Мыслівец.

штурмо́ўка, ‑і, ДМ ‑ўцы, ж.

Разм. Дзеянне паводле дзеясл. штурмаваць (у 3 знач.).

штуртра́п, ‑а, м.

Спец. Вяровачная лесвіца па карме судна.

штуртро́с, ‑а, м.

Спец. Ланцуг або трос на судне, які ідзе ад штурвала да руля і служыць для павароту руля.

[Гал. stuurtros.]

штурх, выкл. у знач. вык.

Разм. Ужываецца паводле знач. дзеясл. штурхаць — штурхнуць і штурхацца. Раптам нехта штурх у бок: — А, папаўся, галубок! Якімовіч.