Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

множналі́кавы, ‑ая, ‑ае.

У выразе: множналікавы назоўнік — назоўнік, які ўжываецца толькі ў множным ліку, напрыклад: вароты, сані, шахматы.

мно́жнасць, ‑і, ж.

Граматычная катэгорыя, якая абазначае вялікую колькасць чаго‑н. Выражаючы няпэўную множнасць, зборныя назоўнікі ўжываюцца звычайна толькі ў форме адзіночнага ліку. Граматыка.

мно́жнік, ‑а, м.

Лік, на які множыцца іншы лік. Просты множнік. Дадатковы множнік.

мно́жны,

У выразе: множны лік гл. лік ​1 (у 6 знач.).

мно́жымае, ‑ага, н.

Лік, які множаць на іншы лік.

мно́жыцца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; незак.

1. Колькасна павялічвацца; расці. У хаце і ў клеці, у клуні і хлявах дабра было многа, і дабро гэта расло і множылася. Колас. На шкле набухалі, множыліся дажджавыя кроплі. Навуменка.

2. Уст. Размнажацца. Розныя «божыя кароўкі», жучкі, матылькі, вусені жылі і множыліся на гэтым кавалку зямлі. Бядуля.

3. Падвяргацца множанню. Тры множыцца на два.

4. Зал. да множыць.

мно́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; незак.

1. што. Памнажаць адзін лік на другі. Множыць дзесяць на два.

2. каго-што. Павялічваць колькасць. Сеем, збіраем Спелае збожжа, Сабе, краіне Багацце множым. Купала. Гэтыя лясы жывілі і множылі партызанскія групы і цэлыя згуртаванні іх. Колас.

мной (‑ою),

гл. я.

мно́ства, ‑а, н.

1. Вельмі вялікая колькасць каго‑, чаго‑н. Пачаўся сход, і ад мноства людзей загула, загаманіла хата. Адамчык. Насупраць, куды свяціла сонца, бераг быў высокі, абрывісты, .. [з] мноствам пячорак, каля якіх з гуллівым і заклапочаным шчэбетам увіхаліся стрыжы. Брыль.

2. У матэматыцы — сукупнасць элементаў, якія вылучаны ў асобную групу па якой‑н. агульнай прыкмеце. Тэорыя мностваў.