Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

двухска́тны, ‑ая, ‑ае.

З двума скатамі. Двухскатны дах.

двухскладо́вы, ‑ая, ‑ае.

Які складаецца з двух складоў (пра слова, вершаваны памер і г. д.). Двухскладовая аснова слова.

двухсотгадо́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Працягласцю ў дзвесце гадоў. Двухсотгадовы перыяд.

2. Які мае адносіны да двухсотгоддзя (у 2 знач.). Двухсотгадовы юбілей.

двухсотго́ддзе, ‑я, н.

1. Прамежак часу ў дзвесце гадоў.

2. Гадавіна чаго‑н., што адбылося ці пачалося дзвесце гадоў таму назад. Двухсотгоддзе заснавання горада.

двухсо́ты, ‑ая, ‑ае.

Ліч. парадк. да дзвесце. Двухсоты нумар.

двухспа́льны, ‑ая, ‑ае.

Разлічаны, прыстасаваны для спання ўдваіх. Двухспальны ложак. Двухспальная коўдра.

двухство́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Паляўнічая стрэльба з двума стваламі. З двухстволкай-тулкай за спіной Ідзе ляснік стары. Броўка.

двухство́ркавы, ‑ая, ‑ае.

З дзвюма створкамі. Двухстворкавыя дзверы. Двухстворкавая ракавіна вустрыцы.

двухсто́пны, ‑ая, ‑ае.

Які складаецца з дзвюх вершаваных стоп. Двухстопны ямб.

двухсу́тачны, ‑ая, ‑ае.

Працягласцю ў двое сутак; разлічаны на двое сутак. Змораныя двухсутачным бесперапынным пераходам і цяжкім боем.., людзі не хацелі ні есці, ні піць. Шамякін.