Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бязме́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які немагчыма або цяжка вымераць. Бязмерная глыбіня. Бязмерная вышыня.

2. перан. Надзвычайна глыбокі, моцны (пра пачуцці). Заламаў дзед на галаве рукі і з бязмерным горам пазіраў на Панаса. Колас. [Колышаў] адчуваў бязмерную нянавісць да тых, хто прымушаў пакутаваць і катаваў гэтых людзей. Мележ.

бязме́сячны, ‑ая, ‑ае.

Не асветлены месяцам, без месячнага святла. Ноч выдалася бязмесячная. Лягчэй было заблудзіцца, чым знайсці парашуты. Новікаў.

бязмо́згі, ‑ая, ‑ае.

Разм. Дурны, бесталковы. [Конь:] — Каб ты бязмозгім Бараном не быў, Дык і брахаць бы не вучыўся. Корбан.

бязмо́ўнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць бязмоўнага.

бязмо́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які нічога не гаворыць, маўчыць. Была Аксіння бязмоўная, ціхая. Свядомасць вярталася да яе. Вярцінскі. // Які неахвотна гаворыць, не любіць гаварыць; маўклівы. Строгі, амаль бязмоўны палкоўнік, здаралася, выклікаў Ніну ноччу. Васілевіч. // перан. Які не адважваецца, не асмельваецца падаць свой голас; баязлівы. [Ярохін:] — Чалавек павінен быць вясёлы, жыццярадасны, і няма ніякай патрэбы ператварацца яму ў нейкую бязмоўную мумію. Шамякін. Будучы пісьменнік бачыў, як уласніцтва, кожнадзённы клопат пра кавалак хлеба ў хаце, вечныя нястачы нявечылі жыццё жанчыны, ператваралі яе ў парабчанку, у бязмоўную служку мужа і свёкра. Кудраўцаў. // Які выражаецца без слоў, не суправаджаецца словамі. Бязмоўны погляд. □ І я чытаю ў.. [вачах], як і тады, адно бязмоўнае пытанне: «Ці праўда гэта, што ты — мой найлепшы друг?» Брыль. Міхась стаіць, знявагі поўны, І погляд кідае бязмоўны. О, колькі крыўды ў ім, абразы!.. Колас. // перан. У якім не чуваць ніякіх гукаў; ціхі. Бязмоўны лес. □ Чэсік любіць блукаць па гэтых бязмоўных могілках. Васілевіч. // перан. Такі, дзе адсутнічаюць гукі мовы, гаворка. Білі барабаны, гайдалася, як ніва перад бурай, бязмоўная плошча, і каб гук, каб крык ці плач — толькі гром барабанаў. Машара.

бязмы́тны, ‑ая, ‑ае.

Гіст. Бяспошлінны.

бязмэ́тнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць бязмэтнага; адсутнасць мэты. Бязмэтнасць існавання.

бязмэ́тны, ‑ая, ‑ае.

Які не мае пэўнай мэты. [Мішурын і Вялічка] пайшлі далей і яшчэ гадзіны дзве мучыліся ў гэтай бязмэтнай хадзе. Чорны.

бязно́гі, ‑ая, ‑ае.

Які не мае нагі, ног. [Карнейчык:] Падарыце, матачка, бязногаму няшчаснаму калеку. Крапіва. // Разм. Які не валодае нагамі, страціў здольнасць хадзіць. // Разм. Без ножкі, без ножак (пра мэблю). Бязногі стол.

бязно́сы, ‑ая, ‑ае.

У якога няма носа. Бязносы чалавек. Бязносы твар. // Без носіка. Бязносы чайнік.