Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

абра́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад абраць.

2. у знач. прым. Які мае законныя паўнамоцтвы, правы. І вось вам яны, партызаны, І тайны хаўрус, І ён, камандзір ваш абраны, Кандрат Белавус. Колас.

3. у знач. прым. Які да спадобы, пад густ; любімы. Было адно такое абранае месца, куды.. [Лабановіч] звычайна і хадзіў, калі хацелася пабыць аднаму. Колас.

4. у знач. наз. абра́ны, ‑ага, м. Той, хто карыстаецца ўсімі правамі і дабротамі жыцця; прадстаўнік эксплуататарскага класа. Была тут [на Балканах] воля для абраных, Для неабраных — ланцугі. Калачынскі.

5. у знач. наз. абра́ны, ‑ага, м. Той, каго выбіраюць для душы; каханы. Звычайна не ведаюць усе закаханыя, за што кахаюць сваіх абраных. Дуброўскі.

абрасе́лы, ‑ая, ‑ае.

Абмоклы ў расе; пакрыты расою. Хоць дзень ідзе на спад, але У вачах смяшынкі-д’яблікі. У абраселым падале Ты мне падносіш яблыкі. Барадулін. [Антон] зачарпнуў рукою вады, памыў твар, потым.. кінуў пінжак на густы абраселы палын і зморана шмякнуўся на яго. Савіцкі.

абрасі́цца, ‑рашуся, ‑росішся, ‑росіцца.

Абмачыцца расой, змокнуць ад расы. Ішоў Алёшка праз мокры гушчар; увесь абрасіўся і дрыжаў ад холаду. Якімовіч.

абрасі́ць, ‑рашу, ‑росіш, ‑росіць; зак., што.

1. Абмачыць расой. Каб не абрасіць у траве і бульбоўніку штаноў, ён запасаў калошы вышэй калень. Сачанка.

2. Пакрыць расой, змачыць кроплямі вадкасці. Што ж вяночак вы, туманы, абрасілі мой? Броўка. Першы дождж вясновы абрасіў зямлю. Машара.

абраста́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. абрастаць — абрасці.

абраста́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да абрасці.

абрасці́, ‑сту, ‑сцеш, ‑сце; ‑сцём, ‑сцяце, ‑стуць; пр. аброс, ‑расла, ‑расло; зак.

1. Пакрыцца, зарасці якой‑н. расліннасцю. Пень аброс маладымі парасткамі. Камень аброс мохам. Берагі ручая абраслі асакой. // Пакрыцца валасамі, шэрсцю. Да таго чалавек высах за лета, да таго аброс барадою, што сустрэнь яго хто ў лесе ці на могілках, то мог бы памерці ад перапалоху. Кулакоўскі.

2. перан. Набыць чаго‑н. у вялікай колькасці, абзавесціся чым‑н. Абрасці гаспадаркай. Абрасці кнігамі. □ І ўсё, здаецца, так і было, — Хіба што толькі падрасла малеча, Старым гады папрыгіналі плечы Ды абрасло антэнамі жытло. Бураўкін. // Аказацца ў акружэнні каго‑, чаго‑н. Навучальны корпус аброс жыллёвымі будынкамі. // Расшырыць кола абавязкаў. Набываў [Пракапенка] у парткоме і ў рэдакцыі завадской шматтыражкі; хутка аброс усялякімі грамадскімі нагрузкамі і жыў з імі ў вялікай згодзе. Кулакоўскі.

3. Пакрыцца слоем чаго‑н. Абрасці граззю.

•••

Абрасці карою — стаць неахайным, брудным.

Абрасці мохам — апусціцца, адстаць ад жыцця, адзічэць.

абраўнава́цца, ‑нуецца; зак.

Зрабіцца роўным, гладкім; выраўняцца (аб краях, паверхні чаго‑н.). Свежы насып абраўнаваўся пад коламі машын.

абраўнава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак., што.

Зрабіць роўным, гладкім (край, паверхню чаго‑н.); выраўняць. Абраўнаваць градкі.

абраўно́ўвацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да абраўнавацца.

2. Зал. да абраўноўваць.