абрамі́зіцца, ‑міжуся, ‑мізішся, ‑мізіцца; зак.
У картачнай гульні — прайграць у выніку рэмізу. // перан. Разм. Памыліцца, трапіць у нязручнае, непрыемнае становішча. Калі быў [Алесь] у інстытуце, усё здавалася такім простым, толькі заставалася захацець — і ўсё выйдзе. А тут, на табе, абрамізіцца з самага пачатку. Броўка.
абрамі́зіць, ‑міжу, ‑мізіш, ‑мізіць; зак., каго.
У картачнай гульні — прымусіць каго‑н. прайграць у выніку рэмізу. // перан. Разм. Паставіць у цяжкае, нязручнае становішча, зрабіць непрыемнасць каму‑н. [Пётр Пятровіч:] — Ну, узяў я тую міску ды надзеў яму на галаву. Падумаеш — так ужо абрамізіў! Брыль.
абра́міць, ‑млю, ‑міш, ‑міць.
Зак. да абрамляць.
абрамле́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле дзеясл. абрамляць (у 1, 3 знач.).
2. Тое, што акружае, як рамка.
абра́млены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад абраміць.
абрамля́цца, ‑яецца; незак.
Зал. да абрамляць.
абрамля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., што.
1. Разм. Устаўляць у раму, рамку. Абрамляць карціну.
2. перан. Акружаць сабой што‑н., размяшчацца вакол чаго‑н., акружаючы як рамкай. Галаву дзяўчыны прыгожа абрамлялі пышныя валасы каштанавага колеру з залацістым адценнем. Васілёнак.
3. Спец. Уводзіць абрамленне ў мастацкі твор. // Служыць абрамленнем у мастацкім творы. Суровыя эпічныя карціны абрамляюць паэмы і прыдаюць стройнасць кампазіцыі. Шкраба.
абра́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. абраць.
абра́ннік, ‑а, м.
1. Той, хто абраны для выканання якіх‑н. высокіх абавязкаў. Дэпутаты — абраннікі народа. □ Усё гэта нова для нас, і самі мы — абраннікі калектыву — таксама нібы панавелі адразу. Брыль.
2. Уст. Незвычайна здольны, асаблівы чалавек, дзейнасць якога не пад сілу для іншых. Ідэалістычнае ўяўленне пра паэта як абранніка лёсу.
3. Любімы чалавек; каханак. Відаць, што чакае яна [Гандзя] к вечарку свайго Серафіма, абранніка сэрца, Ля самых Баркоў на сваім хутарку. Зарыцкі.