абрасці́, ‑сту, ‑сцеш, ‑сце; ‑сцём, ‑сцяце, ‑стуць; пр. аброс, ‑расла, ‑расло; зак.

1. Пакрыцца, зарасці якой‑н. расліннасцю. Пень аброс маладымі парасткамі. Камень аброс мохам. Берагі ручая абраслі асакой. // Пакрыцца валасамі, шэрсцю. Да таго чалавек высах за лета, да таго аброс барадою, што сустрэнь яго хто ў лесе ці на могілках, то мог бы памерці ад перапалоху. Кулакоўскі.

2. перан. Набыць чаго‑н. у вялікай колькасці, абзавесціся чым‑н. Абрасці гаспадаркай. Абрасці кнігамі. □ І ўсё, здаецца, так і было, — Хіба што толькі падрасла малеча, Старым гады папрыгіналі плечы Ды абрасло антэнамі жытло. Бураўкін. // Аказацца ў акружэнні каго‑, чаго‑н. Навучальны корпус аброс жыллёвымі будынкамі. // Расшырыць кола абавязкаў. Набываў [Пракапенка] у парткоме і ў рэдакцыі завадской шматтыражкі; хутка аброс усялякімі грамадскімі нагрузкамі і жыў з імі ў вялікай згодзе. Кулакоўскі.

3. Пакрыцца слоем чаго‑н. Абрасці граззю.

•••

Абрасці карою — стаць неахайным, брудным.

Абрасці мохам — апусціцца, адстаць ад жыцця, адзічэць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)