Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

набіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да набраць (у 1–5, 7–9 знач.).

набі́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад набіць.

набі́ўка, ‑і, ДМ ‑біўцы, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. набіць (у 3, 4, 8 і 9 знач.).

2. Матэрыял, якім набіта што‑н.

набіўны́, ‑ая, ‑ое.

1. Зроблены пры дапамозе набівання. Набіўны матрац.

2. З набітым узорам. Набіўная тканіна.

3. Які служыць для набівання. Набіўная машына.

набі́цца, ‑б’юся, ‑б’ешся, ‑б’ецца; ‑б’ёмся, ‑б’яцеся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пранікнуць куды‑н., запоўніць сабою што‑н. (пра пясок, пыл і пад.). Снег заляпіў твар жанчыны, набіўся пад хустку. Асіпенка. Сарочка.. [Віктара] была падрана на шматкі, у валасы набілася леташняе сухое лісце. Кулакоўскі. / у безас. ужыв. У той дзень зранку хадзіў.. [Павал] па раллі і поўныя лапці набілася яму пяску. Чорны. // Разм. Сабрацца ў вялікай колькасці дзе‑н., унутры чаго‑н. Звычайна.. [гурткоўцы] заходзілі ў прасторныя хаты, каб туды магло набіцца пабольш суседзяў. Рамановіч. / у безас. ужыв. Разам з мужчынамі ў хату набілася поўна жанок. Чарнышэвіч.

2. Разм. Напрасіцца, навязацца. Набіцца ў сааўтары. □ Алімпа сама набілася камандзіру схадзіць і разведаць, што дзеецца вакол. Сабаленка. Бойкі і спрытны прыгажун, Лясота сам і вельмі хутка набіўся да Руневіча з дружбай. Брыль.

•••

Бітком набіцца — найсці ў вялікай колькасці, шчыльна запоўніць сабою што‑н.

набі́ць, ‑б’ю, ‑б’еш, ‑б’е; ‑б’ём, ‑б’яце; заг. набі; зак.

1. чаго. Убіць, наўбіваць у значнай колькасці. Набіць цвікоў. Набіць калкоў.

2. што. Напоўніць, напхаць чым‑н. Свежым сенам сяннік гаспадыня набіла. Зарыцкі. Селі [старцы], адпачылі, люлькі тытунём набілі. Якімовіч. // Разм. Сабраўшыся ў вялікай колькасці, запоўніць. Народ густа набіў калідор. Мікуліч. Людзей найшло.. Набілі клуб — не дыхнуць. Пташнікаў.

3. што. Прыбіць зверху да чаго‑н. Набіць палатно на падрамнік.

4. што. Ударамі насадзіць. Набіць абруч на бочку. Набіць сякеру на тапарышча.

5. чаго. Разбіць у вялікай колькасці. Набіць шкла. □ Крыніцу назвалі «Тры браты», а каб пра гэта было ўсім вядома, набілі дробненькіх каменьчыкаў і па свежым тынку зрабілі надпіс. Дубоўка.

6. каго. Нанесці пабоі. Пачуўшы Цімкаў плач, выйшла з хаты бабка. Яна думала, што хто набіў хлопчыка. Кулакоўскі. Аканома набілі і прагналі з плантацыі. Караткевіч.

7. каго-чаго. Забіць вялікую колькасць жывёл, птушак і пад. Набіць качак. Набіць зайцаў.

8. што. Зарадзіць зброю з дула. Дзед Талаш наўперад набіў стрэльбу. Колас.

9. што. Зрабіць узор асобым спосабам. Набіць рысунак на тканіне.

10. што. Зрабіць балючае пашкоджанне ўдарамі, трэннем. Набіць гуз. Набіць мазалі.

•••

Аскому набіць — тое, што і аскому нагнаць (гл. нагнаць).

Бітком набіць — напоўніць што‑н. вельмі цесна, шчыльна.

Набіць вока — набыць вопыт, уменне вызначыць што‑н. адразу.

Набіць кішэнь — займець вялікія грошы, зрабіцца багатым.

Набіць (наламаць) руку — зрабіцца спрактыкаваным, набыць вопыт у якой‑н. справе.

Набіць сабе цану — узвысіць сябе ў вачах іншых.

Набіць цану — тое, што і нагнаць цану (гл. нагнаць).

Ногі набіць — тое, што і ногі адбіць (гл. адбіць).

наблі́жаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад наблізіць.

2. Тое, што і прыбліжаны ​1 (у 2 знач.).

3. Тое, што і прыбліжаны ​2.

набліжа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да наблізіцца.

2. Зал. да набліжаць.

набліжа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да наблізіць.

набліжэ́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. набліжаць — наблізіць і набліжацца — наблізіцца.