бязлю́ддзе, ‑я, н.
Адсутнасць людзей. [Агата] ў душы рада была, што на такім марозным бязлюддзі трапіўся свой чалавек. Сабаленка. // Недахоп у патрэбных людзях. На бязлюддзі і поп — чалавек. Прыказка.
бязлю́днасць, ‑і, ж.
Уласцівасць бязлюднага; адсутнасць людзей; незаселенасць. Толькі дарожныя знакі, вымытыя да бледнасці, адзінока тырчалі пры дарозе і нібы вартавалі яе бязлюднасць. Шахавец.
бязлю́дны, ‑ая, ‑ае.
Ненаселены або маланаселены. Толькі свае песні спявае.. [лясны жаваранак] у бязлюдных мясцінах, дзе рэдка бывае чалавек, і мала хто чуе іх. Колас. // Такі, дзе не відаць або няма ў дадзены момант людзей. Сяргей пакрочыў у бок калгаснага двара пакуль што яшчэ бязлюднай вуліцай. Шахавец. Бязлюдная лясная дарога была зусім ціхая. Чорны.
бязма́ла, прысл.
Разм. Без малога, амаль, каля. Было бязмала тры гадзіны дня. □ З поля сабраў [мужык] вось Коп пяць бязмала. Купала.
бязма́тачны, ‑ая, ‑ае.
У пчалярстве — які застаўся без маткі (пра вулей, рой).
бязме́жжа, ‑а, н.
1. Бязмежны прастор. Так і бачыш бяздонную сінь зімовага неба, залітага халодным святлом месяца, адчуваеш вышыню і бязмежжа аснежаных прастораў. Грахоўскі. [Дзяўчынка] не крычала, адна ў сцюдзёным бязмежжы, на вачах у высокіх і абыякавых зорак, — яна ўжо толькі шаптала адзінае слова, якім чалавек пачынае жыццё, слова вялізнай сілы. Брыль.
2. перан. Надзвычайная глыбіня, сіла выяўлення чаго‑н. Сёння нашы прасторы — бязмежжа — Славу роднай сталіцы пяюць. Броўка. Паэзія Купалы заўсёды была шматграннай, арыентавалася на ўсё ідэйна-тэматычнае, духоўнае бязмежжа нацыянальнага быцця. Бечык.
бязме́жны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не мае бачных межаў, бяскрайні. Тайга — гэта бязмежны зялёны акіян, у якім свае няпісаныя законы, прыкметы, не ведаючы якіх можна і душой загавець. Дубоўка. Беларусь, твае далі бязмежныя Ускалыхнуць сваёй песняй хачу! Танк. // Нічым, ніякімі рамкамі не абмежаваны. Хай славіцца век, чалавек, бязмежная веліч твая! Панчанка.
2. перан. Надзвычайны, моцны, глыбокі (пра пачуцці). Пусціўшы гэтак сумным думам павады, Бязмежны жаль паплыў у душу крыніцай, І я таксама, як яна тады, шаптаў: «Адна на свеце ты ў мяне, сястрыца!» Купала. — Дзяўчынка мая любая... Шчасце маё. [Андрэй] не знаходзіў больш слоў, каб выказаць сваё пачуццё, сваё бязмежнае каханне і шчырасць. Чарнышэвіч.
бязме́н, ‑а, м.
Ручная рычажная або спружынная вага. Азіраючыся, [Данік] адчыніў адрынку і ўбачыў у кутку каля дзвярэй бязмен: з булавешкай, але без кручка, на які падвешваюць тое, што важаць. Брыль.
бязме́рнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць бязмернага; бязмежнасць. Бязмернасць прасторы. Бязмернасць шчасця.