Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

безула́дны, ‑ая, ‑ае.

Які не мае ўлады, які страціў уладу. Безуладны кароль. // Які не здольны валодаць сабой. — Ха-ха-ха-ха! — засмяялася Мая і, безуладная ад смеху, павісла ў хлопца на рукаве. Карпюк.

безумо́ўна,

1. Прысл. да безумоўны.

2. у знач. пабочн. Бясспрэчна, канечне. [Веры], безумоўна, найбольш імпанаваў Андрэй Шыбянкоў, але яна ні ў чым гэтага не выяўляла. Зарэцкі. З двух спраў, якія прадвяшчала трывожнае чэрвеньскае зацішша, перамагла, безумоўна, наша: наступленне.. апярэдзіла новую блакаду Налібоцкай пушчы. Брыль.

безумо́ўнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць безумоўнага. Безумоўнасць вываду.

безумо́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Не абмежаваны якімі‑н. умовамі; поўны, безагаворачны. Безумоўнае абавязацельства.

2. Бясспрэчны, несумненны. Безумоўная ўдача. Безумоўны поспех.

•••

Безумоўны рэфлекс гл. рэфлекс.

безупы́нку, прысл.

Тое, што і безупынна. Сеяў нудны дождж, той дождж, які можа ліць безупынку і дзень, і два, і месяц. Мележ.

безупы́нна,

Прысл. да безупынны. Вялікі доктар — час — спакойна і безупынна ідзе па свеце і лечыць, і гоіць. Чорны. Да апошняга біў сінявокі юнак, аўтамат лескатаў безупынна ў руках. Дубоўка.

безупы́ннасць, ‑і, ж.

Уласцівасць безупыннага. Безупыннасць біялагічнага працэсу.

безупы́нны, ‑ая, ‑ае.

Пастаянны, бесперапынны. Бабка Наста гаварыла доўга і многа.. Гутарка лілася безупынным зацяжным восеньскім дожджыкам. Колас. У вершалінах старых хвояў стаяў безупынны і роўны, як вечнасць, шум. Чорны. // Які часта паўтараецца, адбываецца бесперастанку. [Ганна Сяргееўна].. успамінала безупынныя бамбёжкі Масквы, мітуслівы натоўп на вуліцах. Няхай.

безуса́дачны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які не памяншае сваіх памераў пры эксплуатацыі, не дае ўсадкі (пра тканіны). Безусадачная матэрыя.

безуце́шны, ‑ая, ‑ае.

Які не мае ўцехі, якога нельга паслабіць, зменшыць уцехаю. Безуцешная туга. □ Ачнулася толькі пад вечар яна У змрочным палацы Барыны З бядою сваёй безуцешнай адна, У лютай няволі дзяўчына. Танк.