Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бела...,

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню: 1) слову «белы» (у 1, 2 знач.), напрыклад: белабароды, белабокі, белазубы; 2) слову «белы» (у 3 знач.), напрыклад: белагвардзейскі.

белабаро́ды, ‑ая, ‑ае.

З белай барадой. Ходзіць дзед белабароды Полем, лесам, пералескам. Колас.

белабіле́тнік, ‑а. м.

Разм. Той, хто мае белы білет; вызвалены ад вайсковай службы. Бацька быў белабілетнік, не прыгодны да воінскай павіннасць па стану здароўя, таму яго вызвалілі ад салдацкай службы. Астрэйка.

белабо́кі, ‑ая, ‑ае.

З белымі бакамі. Белабокія лайнеры горда плывуць міма, не прыстаючы да маленькага прычала. Карамазаў.

белабо́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Млекакормячая жывёліна сямейства дэльфінаў; звычайны дэльфін.

белабро́вы, ‑ая, ‑ае.

У якога белыя, светлыя бровы. Шафёр, малады белабровы хлопец, з ледзь прыкметным пушком над верхняй губою, глядзеў здзіўлена. Мележ.

белабры́сы, ‑ая, ‑ае.

Разм. У якога белыя, светлыя бровы, вейкі і валасы. Ля прычалу проста на мурагу сядзелі дзве жанчыны і белабрысы хлопец. Асіпенка. // Вельмі светлы, бялявы (пра валасы, бровы, вейкі). [Стась] сцягнуў на лбе белабрысыя бровы і адвярнуўся. Чорны. Слава заўсёды быў дагледжаны, як лялька: белабрысыя валасы былі акуратна зачасаныя, твар заўсёды чысценькі, умыты. Сабаленка.

белавало́сы, ‑ая, ‑ае.

У якога светлыя валасы. Белавалосая дзяўчынка.

белава́ты, ‑ая, ‑ае.

Трохі белы, не зусім белы. Неба было яснае, спакойнае. Там-сям стаялі камячкі белаватых хмурынак, як адзнакі добрае пагоды. Колас.

белаву́сы, ‑ая, ‑ае.

У якога светлыя або сівыя вусы. Віславухі, белавусы, стары Вінцэнты стаяў за лесам па дарозе. Чорны.