бедава́нне, ‑я, н.
Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. бедаваць.
бедава́ць, бядую, бядуеш, бядуе; незак.
1. Цярпець душэўныя пакуты; выказваць перажыванні, смутак, жаль. Змрокам таго дня.. [Нявада] пачаў абыходзіць увесь той родны кут, па якім гэтулькі бедаваў. Чорны. У хаце Сцяпана Касцевіча ў гэты час сабралася многа людзей.. Абмяркоўвалі ўсё здарэнне, бедавалі, ахалі, клялі... Пестрак. // Турбавацца, хвалявацца, клапаціцца аб кім‑, чым‑н. [Маці:] — У тваёй [Сцяпанкавай] галаве толькі цацкі. Каб ты лепей бедаваў аб тым, хто сёлета ў нас поле араць будзе, хто шнур засее. Бядуля. [Валя Валодзю:] — Ты бедаваў, што білет прападзе. Вось запрасі Надзю. Крапіва.
2. Жыць у нястачы, беднасці; гараваць. Мянялася жыццё нядаўніх беднякоў, бедавалі ад вясны да зімы, жабруючы і гнучы спіны за кавалак хлеба. Кухараў.
бедала́га, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑лазе, Т ‑ай, ‑аю, ж.
Разм. Чалавек, які трапіў у бяду. Мой ложак стаяў побач, і я дапамагаў няшчаснаму бедалагу чым толькі мог. С. Александровіч. Тут [у хвасце калоны] былі адны бедалагі — зусім аслабелыя і дужа параненых. Быкаў. // Нешчаслівы, варты спачування чалавек. [Толік з маці] жылі ў падсуседзях, у зямлянцы старога Лукаша, які памёр, бедалага, у сорак чацвёртым. Мыслівец.
бедачы́на, ‑ы, м. і ж.
Разм. Тое, што і бедалага. — Загінуў бедачына, — з ноткаю жалю сказаў [лейтэнант]. Колас. Толькі з яе мужа.. [паляўнічыя] часам падсмейваліся: вось бедачына, сам і дадому не ўмее даехаць. Кірэенка.
бедла́м, ‑у, м.
Разм. Неразбярыха, шум, вэрхал. [Максім:] — Ды плюнь ты на ўсю іхнюю гаспадарку і ўвесь іх дамашні бедлам, пачні ты жыць асобна. Машара.
[Англ. bedlam.]
бе́днасць, ‑і, ж.
1. Адсутнасць або недастатковасць неабходных сродкаў для існавання; нястача. [Сіўцоў:] — Адышлі ў нябыт адвечная беднасць і галеча палешука, яго славуты «каўтун», яго бездапаможнасць у барацьбе з суровай прыродай. Краўчанка. Беднасць і малазямелле змушалі клінкоўцаў шукаць заработку на старане або каля дому, калі яны трапляліся. Колас.
2. Мізэрнасць, недастатковасць чаго‑н. Беднасць ідэалаў. Беднасць фантазіі.
3. Убоства, непрыгляднасць. Беднасць класнай абстаноўкі не расчаравала Любу. Васілевіч.
бедната́, ‑ы, ДМ ‑наце, ж.
1. зб. Бедныя людзі, беднякі. [Вераб’ёў:] — Калі бедната прагне .. [зямлі], то даць трэба. Дуброўскі. // Беднае сялянства, якое эксплуатавалі кулакі. [Лаўрыновіч:] — Бедната ў калгасе — гэта тое ядро, на якое партыя апіраецца ў калгасным будаўніцтве. Лобан.
2. Тое, што і беднасць (у 1 знач.).
бе́дніцца, ‑нюся, ‑нішся, ‑ніцца; незак.
Разм. Прыбядняцца. [Аляксей:] — А вы ведаеце, што ў гэтага самага Архіпа Мікуця, які вам пашкадаваў хлеба пакласці на стол, аж дзве ямы засыпаны збожжам.. А ён бедніцца, ведае, што старшыня сваяк — не зачэпіць. Сабаленка.
бе́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не мае або мае вельмі мала сродкаў на жыццё; незаможны; проціл. багаты. Панская зямля і маёмасць былі канфіскаваны і перададзены батракам і бедным сялянам. Кавалёў. / у знач. наз. бе́дны, ‑ага, м. Багаты беднаму не сябра. Прыказка.
2. Аднастайны, мізэрны. Расліннасць на поўначы бедная. □ [Тапурыя] марыў аб незвычайных прыгодах, аздабляючы вымыслам сваё беднае на падзеі і ўражанні жыццё. Самуйлёнак.
3. Які мае недахоп у чым‑н., змяшчае ў сабе мала чаго‑н. Вучні трэціх класаў школ з рускай мовай навучання толькі пачынаюць вывучаць беларускую мову, слоўнікавы запас іх вельмі бедны, у іх не хапае слоў для выказвання сваіх думак і пачуццяў. Самцэвіч. І была яна, мусіць, такою мізэрнаю, гэтая бедная радасць, што яе цьмяны праменьчык не дасягае сённяшняга дня і не грэе старое сэрца чалавека... Самуйлёнак.
4. Які выклікае спачуванне да сябе; нешчаслівы. Не паспела бедная дзяўчына павесіць пад страху серп, як прыйшлося ўзяць у рукі сахор — пакідаць гной, растрасаць яго на полі. Чарнышэвіч.
5. Танны, просты, небагаты. Вопратка па хадаках была бедная: шарачковыя штаны, кужэльная сарочка, саматканыя світкі, не падобныя на тутэйшыя. Пальчэўскі. Бедная была кватэра, нізкая, цёмная, з дзіркамі ў падлозе і сценах. Маўр.
•••
Бедная галава гл. галава.
бе́дства, ‑а, н.
Вялікае няшчасце з цяжкімі вынікамі. Стыхійнае бедства. □ Шмат цяжкага адышло ў нябыт, але бедствы прыроды засталіся. Дуброўскі.