бедны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не мае або мае вельмі мала сродкаў на жыццё; незаможны; проціл. багаты. Панская зямля і маёмасць былі канфіскаваны і перададзены батракам і бедным сялянам. Кавалёў. / у знач. наз. бедны, ‑ага, м. Багаты беднаму не сябра. Прыказка.

2. Аднастайны, мізэрны. Расліннасць на поўначы бедная. ▪ [Тапурыя] марыў аб незвычайных прыгодах, аздабляючы вымыслам сваё беднае на падзеі і ўражанні жыццё. Самуйлёнак.

3. Які мае недахоп у чым‑н., змяшчае ў сабе мала чаго‑н. Вучні трэціх класаў школ з рускай мовай навучання толькі пачынаюць вывучаць беларускую мову, слоўнікавы запас іх вельмі бедны, у іх не хапае слоў для выказвання сваіх думак і пачуццяў. Самцэвіч. І была яна, мусіць, такою мізэрнаю, гэтая бедная радасць, што яе цьмяны праменьчык не дасягае сённяшняга дня і не грэе старое сэрца чалавека... Самуйлёнак.

4. Які выклікае спачуванне да сябе; нешчаслівы. Не паспела бедная дзяўчына павесіць пад страху серп, як прыйшлося ўзяць у рукі сахор — пакідаць гной, растрасаць яго на полі. Чарнышэвіч.

5. Танны, просты, небагаты. Вопратка па хадаках была бедная: шарачковыя штаны, кужэльная сарочка, саматканыя світкі, не падобныя на тутэйшыя. Пальчэўскі. Бедная была кватэра, нізкая, цёмная, з дзіркамі ў падлозе і сценах. Маўр.

•••

Бедная галава гл. галава.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)