Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

абнясла́ўліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да абняславіць.

абня́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад абняць.

абня́цца, абнімуся, абнімешся, абнімецца і (радзей) абдымуся, абдымешся, абдымецца; зак.

Абняць адзін аднаго. Абняцца на развітанне. □ [Валошын і Купрыянаў] па-мужчынску нязграбна абняліся і пацалаваліся. Гурскі.

абня́ць, абніму, абнімеш, абніме і (радзей) абдыму, абдымеш, абдыме; зак., каго-што.

1. Абхапіць рукамі каго‑, што‑н. Маці абняла свайго сына і пачала яго цалаваць. Чарнышэвіч. Калі паляўнічы пайшоў, Санька абняў Мурзу за шыю і прытуліўся да яго галавы шчакою. Ваданосаў. Любімыя змалку прасторы Рукамі абняў бы Максім. Аўрамчык. // Акінуць позіркам, поглядам. Не хапае ні сілы, Ні маіх задумёных вачэй Стэп абняць І палі залацістыя Спелай пшаніцы. Хведаровіч.

2. Акружыць, ахапіць з розных бакоў. Зялёная агароджа абняла двор. □ Раптам дарогі струну лес векавечны абняў. Танк. Столькі выпала маці кроснаў, Што калі разгарнуць на зямлі У адзін рад іх на травах росных, То яны б увесь свет абнялі. А. Астапенка. // перан. Ахінуць, абвалачы з усіх бакоў. Пажар абняў сяло. □ Усе палі, што за ўзгоркам, абняло агнём: гарэла спелае жыта. Гурскі.

3. перан. Ахапіць, авалодаць кім‑н. (пра пачуцці). Ні мук, ні хвалявання — лясны спакой душу маю абняў. Машара.

•••

(Як) вокам (зрокам, позіркам) абняць — вельмі далёкі, як толькі можна ўбачыць.

або́, злучнік.

1. размеркавальны. Ужываецца для супастаўлення членаў сказа і сказаў з узаемным выключэннем, паказваючы на катэгарычнасць выбару аднаго з іх. Гэта была такая сварка, пасля якой або разыходзяцца на ўсё жыццё, або мяняюць характар. Асіпенка. [Валодзя:] — Я сказаў так: або жонка, або артыстка! Кулакоўскі. Або пан, або прапаў. Прыказка. // Супастаўляе аднолькава магчымыя ці раўназначныя члены сказа і сказы; тое, што «ці» (у 1 знач). — Выбірай: або маім намеснікам, або загадчыкам зямельнага аддзела. Адно з двух, — рашуча прапанаваў Бялоў. Шамякін. «Маўчы або хлусі — азалачу, навек шчаслівым зраблю», — гаварыў Скуратовічаў позірк. Чорны. Здрадлівая дрыгва пагражала зацягнуць у сваю багну кожнага, хто аступіцца або зробіць неасцярожны крок. Колас.

2. пералічальна-размеркавальны. Аб’ядноўвае члены сказа і сказы пры пералічэнні. [Праменны:] Каго ты ні возьмеш, дык гэта будзе або рабочы, або калгаснік, або інтэлігент, адным словам, чалавек савецкі. Крапіва.

3. далучальны. Далучае члены сказа і сказы з заўвагамі дадатковага характару. Палеская, або Мазырская група Чырвонай Арміі, як значылася яна афіцыяльна, абрала ўчастак контрудару па лініі Крыўцы — Высокае, куды падцягнула войска і гарматы. Колас. [Зіна:] — Няўжо я зусім не падобная на спявачку, або спяваць у хоры — вельмі ўжо складаная, мала каму даступная справа? Кулакоўскі.

4. у знач. пытальнай часціцы. Разм. Ужываецца ў пачатку пытальных сказаў у значэнні «хіба?», «няўжо?». [Зося:] — Дык ты верыш, Рыгор, пушчаным чуткам? — Або яны непраўдзівы? Гартны.

абогатвара́цца, ‑аецца; незак.

Зал. да абогатвараць.

абогатвара́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да абогатварыць.

абогатвары́ць, ‑твару, ‑творыш, ‑творыць; зак., каго-што.

Аднесціся як да бажаства, прызнаць за бажаство; абысціся, як з бажаством. Абогатварыць паэта.

абогатварэ́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. абогатвараць — абогатварыць.

або́два, абодвух, Т абодвума, м. і н.; абедзве, Т абедзвюма, ж., ліч. зб.

Як той, так і другі. У гуках музыкі абодва ўспаміналі Пару далёкую, шчаслівую вясну. А. Александровіч. Два на гаду Юр’і, ды абодва дурні: увосень халодны, а ўвясну галодны. Прыказка.