Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ве́сці, вяду, вядзеш, вядзе; вядзём, ведзяце; пр. вёў, вяла, вяло; заг. вядзі; незак.

1. каго. Накіроўваць чый‑н. рух. Весці каня за повад. □ Маці бярэ мяне за руку і вядзе дамоў. Бядуля. Вядзі, гаспадар, калі ласка, Нашчадкаў на ганак цясовы! Калачынскі. Зорын вёў сваю партнёршу, як добра спрактыкаваны танцор. Гурскі. // Памагаць ісці. Весці хворага пад рукі. // Прымушаць ісці з сабою. Весці ў міліцыю. □ Арыштаваных вялі рыначным пляцам проста да ратушы. Чорны. // што. Кіраваць аўтамабілем, караблём, самалётам і пад. Весці паравоз. □ [Вася:] — Хвіліну я нічога не бачыў і вёў самалёт наўгад. Шамякін. [Брат] вёў праз мост памалу Наш мінскі самазвал. Гілевіч. // каго-што. Ісці на чале, узначальваць, камандаваць. Весці войскі ў бой. □ Адну з калон беспрацоўных вёў Зыгмунт Асядовіч. Чорны. Капітан.. не спыняўся, настойліва вёў роту на нямецкія пазіцыі. Мележ.

2. перан.; каго-што. З’яўляцца кіраўніком чаго‑н.; ажыццяўляць кіраўніцтва кім‑, чым‑н. Весці сход. Весці гурток, клас. □ Маці спраў весці не ўмела, і ў мінулым годзе запушчаную і ўшчэнт разбураную гаспадарку прыйшлося збыць. Васілевіч. Вёў Герасім Дзмітрыевіч урок як звычайна. Выклікаў.. вучняў да дошкі, расказаў новы матэрыял. Б. Стральцоў.

3. чым па чым. Рухаць (указкай, алоўкам і пад.) па паверхні чаго‑н. Весці ўказкай па карце.

4. што. Будуючы што‑н. (дарогу, трубаправод, лінію электраперадачы і пад.), пракладваць у пэўным напрамку. — Ты памятаеш, як вялі ў нас дарогу? — раздумліва спытаў у мяне Яўхім. — На Рэчыцу? Ракітны. Праз балоты і палі Будаўнікі з Дашавы трубы Да Мінска роднага вялі. Ляпёшкін.

5. Мець пэўны напрамак, быць шляхам куды‑н. Дзве сталёвыя каляі, ля якіх стаіць Птахава будка, вядуць з усходу на захад — з Гомеля на Брэст. Навуменка. Роўная, гладкая пясчаная дарога вяла да самага ўзлесся.. Курто. Стаяў [асабняк] на ўзгорку, з вуліцы да яго вялі шырокія.. усходкі. Шамякін. // перан.; да чаго. Мець сваім вынікам, цягнуць за сабою. Гэта да дабра не вядзе.

6. што. Рабіць, выконваць, ажыццяўляць, падтрымліваць што‑н. (ужываецца звычайна ў спалучэнні з назоўнікамі, якія абазначаюць дзеянне). Весці падлікі. Весці назіранне. Весці барацьбу. Весці перапіску. Весці размову. □ Сход праходзіў спакойна. Максім за сталом вёў пратакол. Машара. Адам вёў строгую канспірацыю і прывучаў да строгасці ў падпольных справах і Міколу. Якімовіч. Ганна Сцяпанаўна была не з маўклівых, і трэба было ўвесь час весці з ёй размову. Шыцік.

7. безас. Разм. Хіліць на што‑н.; адольваць. Яго вяло на сон.

•••

Весці (размову, гутарку) да чаго‑н. — гаворачы або робячы што‑н., мець на мэце што‑н.

Весці рэй — быць завадатарам, верхаводзіць. — Антоська!.. родны мой! Канаю... Перагарэў, адстаў, знікаю... Вядзі ж ты рэй, вядзі... адзін... Як лепшы брат, як родны сын. Колас.

Весці сваё — настойліва ажыццяўляць свае планы, намеры, погляды, думкі.

Весці сваю лінію — тое, што і гнуць сваю лінію (гл. гнуць).

Весці свой род (генеалогію) ад каго‑н. — лічыць сябе нашчадкам каго‑н.

І вухам не весці — не слухаць, не звяртаць увагі.

ве́сціся, вядзецца; пр. вёўся, вялася, вялося; заг. вядзіся; незак.

1. Адбывацца, ажыццяўляць, праводзіцца. Вядзецца барацьба за высокую якасць прадукцыі. Вядзецца шырокае жыллёвае будаўніцтва. □ Страляніна была моцная і інтэнсіўная. Здавалася, што яна вядзецца недзе зусім непадалёку. М. Ткачоў. Пачынаючы з гэтага дня, работы на канале вяліся ўжо штодзённа. Краўчанка. // Прадаўжацца, працягвацца. Жанчына ўздыхала І шаптала: «Вам як знаёмаму па шчырасці скажу...» Хаця знаёмства ў іх не так даўно вялося, Адразу тут каля акна і пачалося. Корбан. Вось так гамонка ў іх вялася У зручны выпадак не раз. Колас.

2. Жыць; пладзіцца, размнажацца. Калісьці зубры вяліся па ўсёй Еўропе. В. Вольскі. Пад стрэхамі ляпіліся ластаўкі, вераб’і, у дуплах вяліся шпакі. Чарнышэвіч. // Гадавацца, даваць прыплод. [Мацвей:] — У мяне свінні, на яго ліха, не вядуцца: падгладзіш крыху, то возьме і прыхварэе. Лобан.

3. Быць, мецца ў наяўнасці. Бацька гаспадарыў, дык і хлеб вёўся. Якімовіч. Кавалачак сала ў нас яшчэ вядзецца, а скончыцца — перабудзем дзён колькі на хлебе. Пальчэўскі.

4. безас. Быць звычаем, падтрымлівацца. Нас знаёміла Зося і ўсіх нас вяла, Як пры [сустрэчах] вялося, у дом да стала. Куляшоў. Як звычайна вядзецца ў такіх разах, першымі з’яўляліся меней значныя асобы. Колас.

5. Зал. да весці (у 1, 2, 4 і 6 знач.).

весць, ‑і, ж.

Паведамленне, вестка. Добрыя весці. Весці з фронту. □ У лагеры весці пачуты: З паходу атрад прыбывае. Колас. Весць аб смерці Бандароўны Скрозь пайшла, як мора. Купала.

весяле́йшы, ‑ая, ‑ае.

Выш. ст. да прым. вясёлы.

весяле́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

Станавіцца вясёлым, весялейшым. Здаўшы экзамен, Раман весялеў, з твару сходзіла напружанасць. Колас.

весялі́цца, ‑люся, вяселішся, вяселіцца; незак.

Весела праводзіць час; забаўляцца. Да позняй ночы весяліліся беражкоўцы, святкуючы наваселле. Краўчанка.

весялі́ць, ‑лю, вяселіш, вяселіць; незак., каго.

Рабіць вясёлым; забаўляць. Весяліць дзяцей. □ Марцін добра спяваў, танцаваў, весяліў людзей вострым словам.. Брыль. Сядзяць за півам, выпіваюць, Аб розных справах разважаюць, А піва ім вяселіць душы. Колас.

весяло́сць, ‑і, ж.

Уласцівасць вясёлага. Зусім нязначны выпадак змяніў настрой Алёшы і вярнуў яму прыроджаную весялосць. Васілевіч. // Радасць, радасны настрой. Гладкі і ружовы твар Крывахіжа так і дыхаў весялосцю, здароўем. Алешка.

весялу́н, веселуна, м.

Разм. Вясёлы, жыццярадасны мужчына; ахвотнік павесяліцца. Гаварыць тосты і чытаць вершы Веньямін умее. Яго нават лічаць веселуном і завадатарам у кампаніях. Навуменка.

весялу́ха, ‑і, ДМ ‑лусе, ж.

Разм. Жанчына з вясёлым норавам; ахвотніца павесяліцца. Вольцы тады было яшчэ не больш васемнаццаці год, і гэта была самая лепшая танцорка і заўзятая весялуха. Чорны.