ве́сніцы, ‑ніц; адз. няма.
1. Вароты ў двор або з двара ў агарод, у поле. Мы ўвайшлі ў двор — звыклы сабе сялянскі двор, з хлевушкамі, павеццю, весніцамі на прыгуменне. Чорны. Нямала было пасля.. весніц на чужых дварах, з якіх я выганяў штодня чужую жывёлу. Брыль.
2. Уст. Плот з варотамі ў канцы вёскі. Сонца ўжо звярнула з поўдня, калі з весніц вёскі.. паказалася чарада кароў. Якімовіч.
ве́снічкі, ‑чак; адз. няма.
Вузкія дзверцы ў плоце; варотцы. Адшукалі [мужчыны] ў плоце веснічкі, што выходзілі на агарод, адчынілі іх і хуценька падышлі да ганка. Пальчэўскі.
вест, ‑у, М ‑сце, м.
1. Захад, заходні кірунак.
2. Заходні вецер.
[Ням. West.]
веставы́, ‑ога, м.
Ардынарац, пасыльны. Мікіта сядзеў і думаў пра дом. У гэты час да яго прыйшоў веставы ад ротнага. Галавач.
ве́стачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Памянш.-ласк. да вестка. Ішлі дні, тыдні, а Анатоль не даваў аб сабе аніякае вестачкі. Пальчэўскі.
вестго́ты, ‑аў.
Заходняе адгалінаванне готаў, якія жылі на тэрыторыі сучаснай паўднёва-ўсходняй Прыбалтыкі, а ў 3–4 стст. рассяліліся паміж Днястром і панізоўем Дуная.
ве́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Паведамленне, весць. Вестка аб звароце Пракопа шпарка абляцела назаўтра затонскія хаты і зрабіла яшчэ большае ўражанне, чым вестка аб яго знікненні з сяла. Колас. Яны [метэаролагі] сягоння ўсёй зямлі Шырока вестку падалі: — Ідзе Вясна! Ідзе Вясна! Усе ўставайце да відна. Лужанін.
•••
Без вестак прапасці гл. прапасці.
Падаць (даць) вестку гл. падаць.
вестыбуля́рны, ‑ая, ‑ае.
У выразе: вестыбулярны апарат гл. апарат.
вестыбю́ль, ‑я, м.
Пярэдняя пры парадным уваходзе ў памяшканне (пераважна грамадскага прызначэння). Вестыбюль тэатра. Вестыбюль клуба. Вестыбюль метро.
[Фр. verstibule.]
вестыбю́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да вестыбюля.