весці, вяду, вядзеш, вядзе; вядзём, ведзяце; пр. вёў, вяла, вяло; заг. вядзі; незак.
1. каго. Накіроўваць чый‑н. рух. Весці каня за повад. ▪ Маці бярэ мяне за руку і вядзе дамоў. Бядуля. Вядзі, гаспадар, калі ласка, Нашчадкаў на ганак цясовы! Калачынскі. Зорын вёў сваю партнёршу, як добра спрактыкаваны танцор. Гурскі. // Памагаць ісці. Весці хворага пад рукі. // Прымушаць ісці з сабою. Весці ў міліцыю. ▪ Арыштаваных вялі рыначным пляцам проста да ратушы. Чорны. // што. Кіраваць аўтамабілем, караблём, самалётам і пад. Весці паравоз. ▪ [Вася:] — Хвіліну я нічога не бачыў і вёў самалёт наўгад. Шамякін. [Брат] вёў праз мост памалу Наш мінскі самазвал. Гілевіч. // каго-што. Ісці на чале, узначальваць, камандаваць. Весці войскі ў бой. ▪ Адну з калон беспрацоўных вёў Зыгмунт Асядовіч. Чорны. Капітан.. не спыняўся, настойліва вёў роту на нямецкія пазіцыі. Мележ.
2. перан.; каго-што. З’яўляцца кіраўніком чаго‑н.; ажыццяўляць кіраўніцтва кім‑, чым‑н. Весці сход. Весці гурток, клас. ▪ Маці спраў весці не ўмела, і ў мінулым годзе запушчаную і ўшчэнт разбураную гаспадарку прыйшлося збыць. Васілевіч. Вёў Герасім Дзмітрыевіч урок як звычайна. Выклікаў.. вучняў да дошкі, расказаў новы матэрыял. Б. Стральцоў.
3. чым па чым. Рухаць (указкай, алоўкам і пад.) па паверхні чаго‑н. Весці ўказкай па карце.
4. што. Будуючы што‑н. (дарогу, трубаправод, лінію электраперадачы і пад.), пракладваць у пэўным напрамку. — Ты памятаеш, як вялі ў нас дарогу? — раздумліва спытаў у мяне Яўхім. — На Рэчыцу? Ракітны. Праз балоты і палі Будаўнікі з Дашавы трубы Да Мінска роднага вялі. Ляпёшкін.
5. Мець пэўны напрамак, быць шляхам куды‑н. Дзве сталёвыя каляі, ля якіх стаіць Птахава будка, вядуць з усходу на захад — з Гомеля на Брэст. Навуменка. Роўная, гладкая пясчаная дарога вяла да самага ўзлесся.. Курто. Стаяў [асабняк] на ўзгорку, з вуліцы да яго вялі шырокія.. усходкі. Шамякін. // перан.; да чаго. Мець сваім вынікам, цягнуць за сабою. Гэта да дабра не вядзе.
6. што. Рабіць, выконваць, ажыццяўляць, падтрымліваць што‑н. (ужываецца звычайна ў спалучэнні з назоўнікамі, якія абазначаюць дзеянне). Весці падлікі. Весці назіранне. Весці барацьбу. Весці перапіску. Весці размову. ▪ Сход праходзіў спакойна. Максім за сталом вёў пратакол. Машара. Адам вёў строгую канспірацыю і прывучаў да строгасці ў падпольных справах і Міколу. Якімовіч. Ганна Сцяпанаўна была не з маўклівых, і трэба было ўвесь час весці з ёй размову. Шыцік.
7. безас. Разм. Хіліць на што‑н.; адольваць. Яго вяло на сон.
•••
Весці (размову, гутарку) да чаго‑н. — гаворачы або робячы што‑н., мець на мэце што‑н.
Весці рэй — быць завадатарам, верхаводзіць. — Антоська!.. родны мой! Канаю... Перагарэў, адстаў, знікаю... Вядзі ж ты рэй, вядзі... адзін... Як лепшы брат, як родны сын. Колас.
Весці сваё — настойліва ажыццяўляць свае планы, намеры, погляды, думкі.
Весці сваю лінію — тое, што і гнуць сваю лінію (гл. гнуць).
Весці свой род (генеалогію) ад каго‑н. — лічыць сябе нашчадкам каго‑н.
І вухам не весці — не слухаць, не звяртаць увагі.