Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

хлю́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Утвараць характэрныя гукі, падобныя на хлюпат (пра ваду, вадкасць). З узгоркаў па дарозе беглі ручайкі, а пад нагамі хлюпала вадкая гразь, і толькі на высокіх пясчаных узгорках зямля падсыхала: там ісці было лёгка і прыемна. Колас. Выцягнеш кій з багны, адтуль падымаюцца над вадой мутныя чорныя бурбалкі, пад нагамі пакрэктваюць кладкі, ды чаўкае, хлюпае дрыгва. Дзенісевіч. // З плёскатам стукацца аб што‑н. (пра хвалі). За бартом лайбы меладычна хлюпалі хвалі. Зарэцкі. / у безас. ужыв. У кабінеце было светла, цёпла, і пасля вуліцы, дзе пад нагамі чвякала і хлюпала, дзе пляскаўся волкі вецер, Лёдзі здалося тут вельмі ўтульна. Карпаў.

2. Рухацца па чым‑н. вязкім, гразкім, утвараючы характэрныя гукі. Па выбоістай гразкай дарозе хлюпалі колы. Шушкевіч. З вуліцы Ваця пачуў нейкую гаману. Па мокрым снезе хлюпалі чобаты і гумавыя бахілы, маленькія боцікі і чаравічкі. Грахоўскі.

3. Плакаць, усхліпваць. [Марына:] Ды годзе хлюпаць! Не будзьце вы бабамі! Хадзем лепш раненых з-пад руін выцягваць, бінты шукаць! Губарэвіч. // Утвараць носам гукі, падобныя на хлюпат. Кудзін выціраў.. [слёзы] тыльным бокам рукавіц, хлюпаў носам, смаркаўся сабе пад ногі. Радкевіч.

4. Слаба гарэць. У дыме хлюпае, вось-вось патухне, невялічкая цёмная лямпа. Галавач.

хлю́пік, ‑а, м.

Разм. зневаж. Бязвольны, маладушны чалавек. [Марына:] — Мой другі муж плакаў, калі я пакідала яго, цалаваў рукі і прасіў, ён кахаў мяне, але я ненавідзела гэтага хлюпіка. Шамякін.

хлю́пкі, ‑ая, ‑ае.

Разм. Гразкі, багністы. [Дзед:] — Ну што ж, калі духу на такую хлюпкую дарогу не хапіла, то адпачні. Бажко.

хлю́пнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да хлюпаць (у 1, 2 знач.).

хлюпо́та, ‑ы, ДМ ‑поце, ж.

Разм. Гразь на зямлі ад дажджу або мокрага снегу. Конь пад Вярбіцкім — не вельмі лёгкі. Раскідае нагамі, змоладу сарванымі ў плузе, — толькі тая хлюпота ляціць у бакі. Брыль. // Сырое надвор’е з дажджом або мокрым снегам. На дварэ стаяла позняя асенняя хлюпота, дарогі да таго раскіслі, што ногі ў каня правальваліся ледзь не да калень. Лобан.

хлюпо́тны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Сыры, з дажджом або мокрым снегам. Была хлюпотная восень. Пасля невялікіх замаразкаў задажджыла так, што, як той казаў: не пі, не еш і з хаты не лезь. Сабаленка.

хлюст, ‑а, М ‑сце, м.

Разм.

1. Хітры і нахабны чалавек; прайдзісвет. [Стася:] — Не бачыш, які гэта хлюст. На хаду абуе ў лапці каго захоча. Пальчэўскі. [Глобаў:] — Я цябе, хлюста такога, да трактара блізка не дапушчу, пакуль чалавекам не станеш. Беразняк. // Франтаваты, развязны чалавек. Звышмодны хлюст.

2. Від картачнай гульні. Гуляць у хлюсты.

хлябо́к, ‑бка, м.

Памянш.-ласк. да хлеб. Працавітая рукой Засявае шнурок... Ой, радзі, божа мой, На пацеху хлябок! Купала. Хлябок — танюткай столачкай, Нібыта залаты. Лойка.

хлябта́ць, хлябчу, хлебчаш, хлебча; незак., што.

1. Піць, зачэрпваючы вадкасць языком (пра некаторых жывёлін). Тады Слава падштурхнуў шчаня да сподачка. Нахіліў галоўку. Толькі пасля гэтага яно і пачало прагна хлябтаць, распырскваючы на падлозе драбнюткія кропелькі малака. Шыловіч.

2. Прагна піць. Ды Дзед Мароз ужо хлебча з конаўкі ваду, выцірае бараду і глядзіць, ладкуецца, дзе б гэта аблюбаваць месца на шырокім палку прылегчы. Кухараў. [Апенька] хлябтаў на поўны рот, пакуль не спаражніў пасудзіны. Навуменка.

3. Разм. груб. Піць (віно, спіртныя напіткі) у вялікай колькасці. — Мала мы з табою, ты [Халімон], нежанаты, ды я, пры жонцы халасты, той гарэлкі папілі ды ў дурня пагулялі?! — на вачах Кірдуна выступіла вільгаць. — Мне, думаеш, лёгка? Буду там чорт ведае з кім тую гарэлку хлябтаць. Караткевіч.

хляве́ц, хляўца, м.

Памянш.-ласк. да хлеў; маленькі хлеў. Гумно паўнела з кожным годам, І багацеў хлявец прыплодам. Колас.