Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

каваці́на, ‑ы, ж.

У оперы — невялікая лірычная арыя, пераважна песеннага складу. Каваціна Фігара. // У інструментальнай музыцы — невялікая п’еса з напеўнай мелодыяй.

[Іт. cavatina.]

кава́цца, куецца; незак.

1. Паддавацца каванню, коўцы. Распалены метал добра куецца.

2. Зал. да каваць.

•••

Не куецца, а плешчацца — не ідзе на лад, атрымліваецца не так, як трэба.

кава́ць, кую, куеш, куе; куём, куяце; незак., што.

1. Ударамі молата або ціскам апрацоўваць распалены метал, надаваць яму патрэбную форму. Каваць жалеза. // Вырабляць каваннем. Заўсёды ля .. кузні шмат народу: падкоўваюць коней, куюць нарогі. Бядуля.

2. перан. Настойлівай працай, вялікімі намаганнямі ствараць што‑н., дамагацца чаго‑н. Каваць перамогу. □ — Табе, Міхась, ужо вядома, Што нашы людзі мір куюць, На рыштаваннях, на варштатах, У інстытутах, у брыгадах. Корбан. Людзі самі, сваімі шчырымі рукамі, куюць сваё шчасце, робяць вясну на зямлі! Бялевіч.

3. Падкоўваць, акоўваць. Каваць колы. □ У наступныя дні ён вадзіў у саўгасную кузню каваць кон[ей]. Чорны.

4. Закоўваць (у кайданы і пад.). Так і павялі таварыша Васіля.. Каваць не пасмелі, каб не выклікаць цікаўнасці людзей. Пестрак.

каве́нька, ‑і, ДМ ‑ньцы; Р мн. ‑нек; ж.

Абл. Памянш. да кавяня; невялікая кавяня. Шлях доўгі — Вандроўнік выразае Кавенькі з сукаватага ядлоўц[у]. Барадулін. [Васіль Сямёнавіч] пачаў мераць сцежку спорнымі крокамі, моцна грукаючы аб зямлю кавенькай. Дзенісевіч.

ка́верза, ‑ы, ж.

Разм. Інтрыга, падкопы. — Сёй-той імкнуўся націснуць на ваш калгас, даўшы палёгку другім, вы думаеце выпадкова? — Для мяне важней было перш уладкаваць неадкладныя справы ў калгасе, чым заняцца каверзамі. Хадкевіч.

ка́верзнасць, ‑і, ж.

Разм. Уласцівасць каверзнага.

ка́верзнік, ‑а, м.

Разм. Той, хто робіць, чыніць каверзы; інтрыган.

ка́верзніца, ‑ы, ж.

Разм. Жан. да каверзнік.

ка́верзнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Рабіць, чыніць каверзы.

ка́верзны, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Які заключае ў сабе каверзу; заблытаны, складаны. Каверзнае пытанне. Каверзная справа. □ Іншы раз было і так, што той-сёй спецыяльна адшукваў.. каверзныя пытанні, абы толькі збіць з панталыку настаўніка. «Звязда».

2. Які робіць, чыніць каверзы, схільны да іх. Каверзны чалавек.